Cвяткаванне Дня Волі — 2020 адменяць праз каранавірус?
Дзень Волі ў Мінску ў 2018 годзе, фота Сяргея Гудзіліна
Праз каранавірус па ўсёй Еўропе цэлыя краіны закрываюцца на каранцін. Нават у суседніх Польшчы і Украіне, дзе сітуацыя пакуль яшчэ далёкая ад крытычнай, адмяняюць заняткі ў школах і масавыя мерапрыемствы. У Беларусі каранавірус выявілі ўжо ў 12 пацыентаў, але ўлады запэўніваюць, што прычын для панікі няма.
11 сакавіка гродзенскія арганізатары Дня Волі адмовіліся ад правядзення мерапрыемства пасля зафіксаванага выпадку каранавіруса ў горадзе. 12 сакавіка за абмежаванне масавых мерапрыемстваў выступіла Міністэрства аховы здароўя, але канцэрты, спектаклі і іншыя імпрэзы ніхто адмяняць не збіраецца. Прынамсі пакуль што.
Але ж праз дзесяць дзён плануецца масавая акцыя ў самым цэнтры Мінска. На 22 сакавіка запланавана святкаванне Дня Волі 2020. Мерапрыемства ладзяць незалежныя палітыкі з руху «За свабоду», БХД, АГП і БСДП. Ці не думаюць яны ўсё ж адмяніць свята на ўсялякі выпадак?
«Мы будзем арыентавацца на афіцыйную пазіцыю Міністэрства аховы здароўя. Калі будзе абгрунтаванае рашэнне Мінздароўя, што ўдзел у масавых мерапрыемствах небяспечны, то варта будзе, напэўна, да яго прыслухацца. Але на сённяшні момант пасылы адтуль ідуць адваротныя: маўляў, у Беларусі ўсё кантралюецца, пагрозаў няма, усё пад наглядам.
Адпаведна, пакуль што прычын адмяняць Дзень Волі няма», — распавёў «Нашай Ніве» адзін з арганізатараў свята Юрась Губарэвіч, лідар руху «За свабоду».
Але ж ці не адменіцца свята праз недахоп грошай? Пакуль сродкі збіраюць праз платформу МолаМола і фэйсбук лідара БСДП Ігара Барысава. Агулам сабрана толькі каля 3 тысяч рублёў з запланаваных 25 тысяч.
«Мы чакаем адказ з Мінгарвыканкама з афіцыйным дазволам. Як толькі будзе дазвол, то патрэбныя сродкі збяруць вельмі хутка, я думаю.
Але калі свята ўсё ж давядзецца адмяніць, то грошы не прападуць. Мы звернемся да тых, хто ахвяраў сродкі, пачуем іх думку. У нас ёсць магчымасць звярнуцца да людзей, якія ахвяравалі: павесіць апытанку ці звярнуцца персанальна. Мы ведаем людзей, якія ахвяравалі буйныя сумы.
У любым выпадку, калі сродкі былі прызначаныя на святкаванне Дня Волі, то будзе мэтавае выкарыстанне іх. А ўжо фармат выкарыстання будзе абмяркоўвацца з людзьмі, — сказаў Юрась Губарэвіч.
— Мы не будзем сябе паводзіць, як некаторыя іншыя кампаніі, калі тыя, хто збіраў грошы, пачалі лічыць сябе распараджальнікамі. Збіралі сродкі на мерапрыемства ў Мінску, а пасля вырашалі, што можна накіраваць іх у іншы горад».