БЕЛ Ł РУС

Гродзенца аштрафавалі за распаўсюд незарэгістраванай газеты

2.02.2021 / 10:19

Nashaniva.com

Суддзя Віталь Лабоцкі прызнаў Юрыя Лакціёнава вінаватым і пакараў штрафам у 638 рублёў паводле ч.2 арт. 22.9 КаАП.

Падставай для пераследу сталі два пачкі асобнікаў незарэгістраванай газеты «Гродненское время», знойдзеныя сілавікамі ў багажніку аўтамабіля Лакціёнава падчас яго затрымання, паведамляе БАЖ.

Інцыдэнт з затрыманнем здарыўся ўдзень 2 снежня, калі Лакціёнаў ехаў дахаты на абед. Паводле яго слоў, па дарозе ўбачыў знаёмую і спыніўся, каб павітацца, — у гэты момант на яго накінуліся чатыры сілавікі ў цывільным, затрымалі з прымяненнем сілы, надзелі кайданкі. Пасля правялі агляд аўтамабіля, дзе і знайшлі асобнікі газеты. У пратаколе Лакціёнаў указваў, што збіраўся здаць іх у макулатуру.

Пасля затрымання сілавікі правялі ператрусы ў яго на працы і дома, забралі некалькі ноўтбукаў, тэлефонаў і флэш-картак, таксама забралі на штрафстаянку аўтамабіль.

У Кастрычнцкім РАУС, куды даставілі затрыманага Юрыя Лакціёнава, яму стала дрэнна (хварэе на цукровы дыябет). Мужчыну забралі ў лякарню, там выявілася, што ён хворы на COVID-19.

Лакціёнаў амаль месяц знаходзіўся на каранціне, а напрыканцы студзеня атрымаў праз Viber перароблены пратакол па сваёй справе. Пратакол складала супрацоўніца міліцыі Аляксандра Лугоўская, яна ж была выкліканая суддзёй на слуханне ў якасці сведкі.

Згодна з пастановай суддзі, Юрыю Лакціёнаву будуць вернутыя яго аўтамабіль і ноўтбукі, а тэлефоны і флэшкарткі застануцца ў міліцыі, пакуль ён не сплоціць 638 рублёў штрафу (22 базавыя велічыні).

Мужчына лічыць сябе невінаватым і намераны абскарджваць рашэнне Кастрычніцкага райсуда пасля атрымання матывіровачнай часткі.

«Лічу, што справа сшытая белымі ніткамі. Яны склалі новы пратакол, але на судзе я і мой адвакат указвалі на вялікую колькасць міліцэйскіх памылак, з-за якіх гэтую справу ўвогуле не трэба складаць. Але суддзя ўсё ж вырашыў пакараць мяне вялізным штрафам», — зазначыў Юрый Лакціёнаў.

«Гродненское время» — малатыражная газета, якую бясплатна раскідваюць па паштовых скрынках. Ад жніўня выйшла 16 нумароў выдання, якое інфармуе пра жыццё і пратэсты на Гродзеншчыне, у газеце змяшчаюць артыкулы з партала Tut.by, «Радыё Свабода» ды іншых недзяржаўных СМІ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула