Кіраўнік калегіі адвакатаў пра зліў прыватнай размовы Ціханоўскага з адвакатам: Пакуль у мяне няма падставаў займацца гэтым пытаннем
Падчас трансляцыі фільма «Забіць прэзідэнта» на тэлеканале АНТ прадэманстравалі кадры прыватнай размовы палітвязня, стваральніка праекта «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага, з адвакаткай Наталляй Мацкевіч. Гэта грубае парушэнне заканадаўства, якое гарантуе канфідэнцыйнасць такіх размоваў.
«Наша Ніва» звярнулася да старшыні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктара Чайчыца, каб даведацца, ці будзе нейкая рэакцыя адвакацкай супольнасці на такое ўмяшанне ў іх працу?
Віктар Чайчыц, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і член Савета рэспублікі
«Вы спытайце, калі ласка, у адваката, які размаўляў з Ціханоўскім. Калі адвакат да мяне звернецца з гэтым пытаннем, папросіць, каб я неяк дапамог, тады я буду разбірацца. А пакуль у мяне няма падставаў займацца гэтым пытаннем», — сказаў спадар Чайчыц.