ЗША завяршылі вывад войскаў з Афганістана. Яны прысутнічалі ў краіне амаль 20 гадоў
Амерыканская армія завяршыла вывад свайго кантынгенту з Афганістана. Гэта азначае таксама канец амаль 20-гадовай місіі, якая пачалася ў Афганістане неўзабаве пасля 11 верасня 2001 года.
Мінабароны ЗША паказала апошняга амерыканскага вайскоўца, які пакінуў Кабул. Гэта генерал-лейтэнант Крыс Донах'ю, камандуючы 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі ЗША, які адказваў за аперацыю па эвакуацыі грамадзянскіх асоб у аэрапорце Кабула
Амерыканскія войскі прыйшлі ў краіну для барацьбы з «Аль-Каідай», якая ўчыніла тэракты 11 верасня 2001 года ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне.
Гэта была самая доўгая вайна ў гісторыі ЗША. У ёй загінулі больш за 2400 амерыканскіх вайскоўцаў. Яшчэ больш за 20 тысяч атрымалі раненні. Кошт гэтай місіі для ЗША ацэньваецца ад аднаго да больш чым двух трыльёнаў даляраў.