Мэр Вільні: Рускія і беларусы могуць выступаць у нас з канцэртамі, толькі калі выразна заявяць аб нязгодзе са сваімі рэжымамі. Маўчання не хопіць
Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус у Facebook паведаміў, што сталіца Літвы спыняе супрацоўніцтва з былымі гарадамі-партнёрамі ў Беларусі і Расіі. І акрамя таго, у яго шмат планаў па змаганні з расійскай прапагандай і рознымі інстытутамі пуцінскай «мяккай сілы», піша delfi.ru.
Рэмігіюс Шымашус. Фота: DELFI / Tomas Vinickas
Мэр адклікае дазвол на правядзенне «Вялікага маршу ў абарону сем'яў», які павінен быў адбыцца ў траўні, і не выдасць іншыя дазволы на такія мерапрыемствы, калі ўбачыць хоць бы найменшую сувязь паміж імі і расійскай прапагандай.
«Мы сочым за публічнай прасторай і бачым, што былыя і цяперашнія арганізатары гэтага мерапрыемства актыўна падтрымліваюць дзеянні Расеі, не толькі скажоныя каштоўнасці Крамля.
Вайна — выразная грань. Калі нават яна не дапамагла ім ачухацца, то мы не дазволім, каб мерапрыемства стала платформай для дурэння галоў людзям. Не падабаецца — можаце ісці ў суд, удачы», — напісаў ён пра «Вялікі марш у абарону сем'яў».
Мэр таксама сказаў, што папрасіў нацыянальныя ведамствы спыніць дзейнасць таксі Yandex у Вільні. Нібыта гэтым заняўся міністр транспарту Марус Скуодзіс. Шымашус таксама абяцаў зрабіць усё, каб у парку Вінгіс больш не святкавалі Дзень рускай культуры, калі ў мерапрыемстве любым спосабам, наўпрост ці ўскосна, будзе ўдзельнічаць пасольства Расіі.
«Рускія і беларусы могуць выступаць з канцэртамі ў Вільні, толькі калі яны выразна і адкрыта, публічна заявяць аб сваёй нязгодзе з рэжымамі, якія кіруюць у Расіі і Беларусі. Маўчання не хопіць. Пра тых, хто падтрымлівае рэжым, я нават не кажу — ім адразу ж прапануюць ісці туды, куды прапанавалі пайсці рускаму вайсковаму караблю», — сказаў мэр.
Шымашус абяцае, што неўзабаве паведаміць і пра іншыя дзеянні ў пытанні змагання з расійскай прапагандай.
«Добра, што мы ўжо раней зрабілі хатнюю працу і прыбралі савецкіх балваноў з Зялёнага моста і пазбавіліся ад «Дома Масквы».
Цяпер выдатны час для таго, каб ачысціцца ад смецця расійскага рэжыму, пакінутага ў нашай краіне. Заклікаю да гэтага ўсе літоўскія гарады і нацыянальныя ўстановы. Калі Украіна з нашай дапамогай пераможа ў вайне, мы таксама будзем чысцейшымі і будзем дыхаць вальней», — напісаў кіраўнік горада.
Мэр Вільні заклікаў таксама да інфармацыйнай вайны — расказваць расіянам у сацыяльных сетках праўду, зняпраўджваць хлусню, якую распаўсюджвае рэжым. І галоўнае — не забывацца, што Пуцін спрабуе нас запалохаць.
«Адзіная зброя для барацьбы з такім агрэсарам (і Украіна паказвае, як гэта дзейнічае) —- даць адпор. І дзякуй Богу, што мы ў НАТА, што мы моцныя, і што нас немагчыма перамагчы. Слава Україні!», — скончыў свой пост Шымашус.