Супраць Паліны Шарэнды-Панасюк завялі новую справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы
Андрэй Шарэнда ў Фэйсбуку паведаміў, што на Паліну Шарэнду-Панасюк завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Ёй пагражае да двух гадоў зняволення.
«На Паліну заведзеная новая крымінальная справа. Гэта сумна вядомы арт. 411 КК РБ, той самы артыкул, па якім вязня за кратамі можна трымаць бясконца доўга… Адказным за чарговы ціск на Паліну з'язўляецца начальнік гомельскай калоніі, падпалкоўнік Таўсцянкоў Дзяніс Анатолевіч», — напісаў муж Паліны.
Нагадаем, маці двух непаўналетніх сыноў у чэрвені асудзілі да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Паліну вінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 364, арт. 368 і арт. 369. У канцы 2021 года Паліну ўтрымлівалі мінімум 15 дзён у карцары, а потым змясцілі ў ПКТ да 18 сакавіка.
Падтрымайце Паліну: ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3