БЕЛ Ł РУС

Нават месца пад намёт нялёгка знайсці. Што робіцца з арэндай жылля ў Браславе перад фестывалем Viva Braslav

15.07.2022 / 11:00

Nashaniva.com

Праз два тыдні насельніцтва ціхага ўтульнага Браслава павялічыцца ў пяць разоў. На пляжы возера Дрывяты 29-30 ліпеня будзе грымець ледзь не адзіны музычны фэст, які застаўся сёлета ў жывых — Viva Braslav. Ці можна яшчэ зняць жыллё на Браславах і колькі гэта будзе каштаваць, даведаўся realt.by.

«У радыусе 25 кіламетраў ад цэнтра вы ўжо наўрад ці нешта знойдзеце»

Свае варыянты размяшчэння прапануюць самі арганізатары фестывалю. Госці «Вівы» яшчэ нядаўна маглі забраніраваць «бунгала» (паўнавартасны нумар у гатэлі на дваіх са сняданкамі) за 1690 рублёў за 3 ночы, «глэмпінг Luxury» (каркасны домік на дваіх са спальнымі месцамі і разеткамі) за 990 рублёў і «глэмпінг камфорт» (драўляная хатка на 4-х з разеткамі) за 690 рублёў.

Але цяпер даступнымі да браніравання застаюцца толькі месцы ў намётавым лагеры. Прычым палатку трэба прывозіць з сабой. Білет у кэмпінг (у кошт уваходзіць месца пад палатку, душавыя, туалеты, зона барбекю і магчымасць падзарадзіць тэлефон) каштуе 49,9 рубля на аднаго за 3 ночы.

Калі ж хочацца чагосьці больш камфортнага, чым намёт — прыйдзецца папрацаваць. Самыя вопытныя фестывальшчыкі пачынаюць браніраваць жыллё ледзь не за год.

Адкрываем каталог дамоў у арэнду і тэлефануем ў першую па спісе сядзібу. Гаспадар Віктар з першых жа хвілін засмучае:

— Рабяты, усё даўно забраніравана, перадаплаты атрыманыя, чакаем гэтых хуліганаў (смяецца). Каб дакладна патрапіць у патрэбны аб'ект размяшчэння, трэба браніраваць за год. У мяне ў наяўнасці розныя дамы, ёсць на 7-8 чалавек, але ў дні фестывалю туды засяляецца і ў два разы больш — попыт зашкальвае.

На яго думку, у радыусе 25 кіламетраў ад цэнтральнай лакацыі наўрад ці нешта магчыма знайсці.

— Цяпер народ шукае ўжо не дамы, а хаця б месцы пад намёты, — кажа прадпрымальнік.

Яшчэ некалькі спробаў даюць такі ж вынік: «Месцаў няма, усё забраніравана даўно».

Нават у сядзібе на возеры Богіна за 35 кіламетраў ад фестывальнага руху адказалі адмовай.

— Усе месцы з крывёю выдралі яшчэ месяц таму. Народ трайную цану гатовы даваць — толькі размясціце. Нічога ўжо няма.

Тое самае з пасутачнымі кватэрамі. Гаспадары аднапакаёвай кватэры ў пяціпавярховіку з відам на азёры (130 рублёў за суткі) капслаком паведамляюць: «Паважаныя госці! На «Віва Браслаў» усё забраніравана!».

— На жаль, ужо нічога няма. Першыя браніроўкі людзі рабілі яшчэ ў студзені. Цяпер вольнага жылля няма ні ў карпусах, ні ў хатках, — адказалі ў аддзеле браніравання Нацыянальнага парка.

 

Вольныя месцы (не ў нумарах, а пад намёты) удалося знайсці толькі ў адной з тэматычных супольнасцяў у Тэлеграме. Напрыклад, за 27 кіламетраў ад Браслава, на беразе невялікага маляўнічага возера ў вёсцы Мурмішкі за 20 рублёў на суткі можна размясціць сваю палатку, а ў дадатак атрымаць альтанку, біятуалет, мангал, лазню і цвярозага вадзіцеля.

Яшчэ адзін варыянт —месца пад намёт прама ў Браславе на прыватнай тэрыторыі. Кошт — 30-50 рублёў на суткі за кампанію, ёсць альтанка, туалет, мангал і лазня. Атрымліваецца, не даражэй, чым у кэмпінгу на фэсце, але спакайней.

«Больш за ўсіх на «Віве» зарабляюць не мясцовыя жыхары, а браслаўскі «Еўраопт»

Юлія Абразей разам з сям'ёй пераехала з Мінска ў Браслаўскі раён каля 8 гадоў таму. За гэты час яна паспела стаць уласніцай некалькіх закінутых аб'ектаў, пабыць гаспадыняй кавярні «Кавярня» і добра вывучыць мясцовыя рэаліі:

— Калі шчыра, для жыхароў Браслава фестываль — гэта вельмі цяжкае выпрабаванне. Дзевяцітысячны горад катэгарычна не гатовы да прыёму 40-50 тысяч гасцей. Так, арганізатары намагаюцца, робяць свой намётавы лагер, але сітуацыю гэта не ратуе. Самыя разумныя і хітрыя пачынаюць браніраваць жыллё яшчэ ў снежні-студзені. Пры гэтым трэба разумець, што на фестываль прыязджаюць не тыя людзі, якія гатовыя жыць у «куратніках». Гэта не савецкі турыст, які гатовы здымаць хоць хлеў, абы ўбачыць возера-мора. На фэст прыязджае моладзь, так бы мовіць, «з пантамі».

Як расказвае Юлія, сярэдняя цана на жыллё гэтымі днямі — 100 рублёў на чалавека. У звычайныя ж часы пражыванне ў Браславе ў дамку з абстаноўкай без вынаходстваў абыходзіцца ў 25-30 рублёў за чалавека. Падчас фестывалю кошт браслаўскага «стандарту» можа вырасці ў 2-3 разы ў залежнасці ад фантазіі і нахабства гаспадароў.

Яе парада — звярнуцца да не самых відавочных варыянтаў. Да прыкладу, ёсць малавядомая гасцініца музея «Заязны Двор» (у мінулыя гады там былі месцы нават падчас фестывалю), ёсць гасцініца ДТСААФ, ёсць пляж Акадэміі фізвыхавання (там можна арандаваць месца пад палатку).

Яшчэ варыянт — прама на анлайн-картах выглядаць дамы з вялікімі палянкамі, шукаць уладальнікаў і наўпрост дамаўляцца, каб дазволілі паставіць намёт у двары. Альбо — прыехаць і шукаць начлег проста на месцы. Варыянт «пахадзіць па горадзе» таксама працуе.

− Мясцовыя жыхары рады такому нашэсцю турыстаў?

− Многія гаспадары наогул не здаюць жыллё на час «Вівы». Гісторыі, пра тое, што хтосьці здаў кватэру, а яе разграмілі — гэта не выдумкі. Некаторыя браслаўчане ўвогуле імкнуцца з'ехаць на гэты час. Асабіста мы пераязджалі ў гэты край за цішынёй і спакоем, а падчас фэсту тут так грукоча, што жах — у мяне сабакі выюць, не перастаючы. Музыку чуваць нават за 7 кіламетраў! У цэлым, фестываль нагадвае тарнада, які проста трэба перажыць.

Мы ў гэтыя дні ў горад стараемся наогул не савацца — закупляемся прадуктамі загадзя.

Працуючы ў кафэ, я за гэтыя гады наглядзелася ўсякага. Бачыла і зламаныя ногі, і разбітыя галовы. Моладзь прыязджае адарвацца, блукае па дварах, вытоптвае клумбы, абрывае агуркі. Я разумею, яны адпачываюць, але тармазоў у іх часам зусім няма. Наогул, па маіх адчуваннях, больш за ўсіх на «Віве» зарабляюць не мясцовыя жыхары, а браслаўскі «Еўраопт». Я не супраць фестывалю, гэта — добрая справа, але няхай бы ён пераехаў з горада на які-небудзь Маяк (гара за 15 кіламетраў ад Браслава). Там мала населеных пунктаў, ёсць выдатныя паляны, няхай грымяць у задавальненне. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула