Балгарскі дыпламат прэзентаваў кнігу ў Мінску
21 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзентацыя кнігі былога пасла Балгарыі ў нашай краіне, прафесара Петкі Ганчава. Кнігу «Паміж былым і будучым» склалі асноўныя фрагменты з трохтомнага сафійскага выдання.
«Паміж былым і будучым» уяўляе сабой панараму багларскай гісторыі з сярэдзіны 1940-х і да 2005 года.
«Гэта не толькі літаратура. Гэта і палітыка, і філасофія, і гісторыя, і мае ўласныя ўспаміны», — адзначае прафесар. На прыкладзе свайго жыцця аўтар распавядае пра ўсю краіну.
У бліжэйшы час дыпламат пакіне нашу краіну. Але ён паабяцаў напісаць пра яе кнігу. І назву адразу прыдумаў — «Беларусь у цяжкой барацьбе за будучыню».
***
Петка Ганчаў — пасол Балгарыі ў Беларусі ў 2005-2009 гадах. Прафесар, доктар філасофскіх і паліталагічных навук. Ганаровы прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Аўтар больш як 30 кніг. У Беларусі выходзіла яго манаграфія «Гігант, які адраджаецца. Цывілізацыя і філасофія Старажытнага і Сучаснага Кітая».