БЕЛ Ł РУС

Маладафронтаўца Цянюту адправілі служыць у транспартныя войскі

23.09.2009 / 09:34

Nashaniva.com

Гомельскі актывіст міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» Андрэй Цянюта 25 верасня будзе накіраваны на ваенную службу ў транспартныя войскі ў Жлобін.

Пра гэта актывіст даведаўся 22 верасня ў гарадскім ваенкамаце. Як заявіў Цянюта, свой прызыў у армію ён лічыць незаконным.

«Медкамісія накіроўвала мяне на абследаванне ў бальніцу, дзе дактары прызналі, што я не прыгодны да службы з‑за высокай ступені скаліёзу. Але потым ваенкамат накіраваў мяне ў іншую медустанову, і там ужо неяк атрымалася, што я стаў прыгодны», — сказаў актывіст.

Цянюта звяртаўся ў суд Савецкага раёна Гомеля з просьбай прыпыніць свой прызыў, пакуль не будзе пацверджана законнасць яго адлічэння з Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі. Заяву наконт гэтага актывіст адпраўляў у Міністэрства адукацыі Расіі, але ліст быў пераадрасаваны ў акадэмію. Адтуль адказ пакуль не паступаў. 22 верасня Цянюта атрымаў паведамленне з суда, што яго іск да ваенкамата наконт прыпынення прызыву адхілены.

Акрамя таго, актывіст прасіў ваенкамат накіраваць яго на альтэрнатыўную службу, але просьба не была задаволеная.

Са студзеня 2008‑га па ліпень 2009 года ў транспартных войсках у Жлобіне праходзіў ваенную службу член Партыі БНФ, гомельскі актывіст апазіцыі Зміцер Жалезнічэнка.

Алена Германовіч, БелаПАН

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула