«Падпольна пражывае арганізатар псэўдарэлігійнай грамады «Малады фронт»
Невядомыя расклеілі ўлёткі супраць Зьмітра Дашкевіча на Партызанскім праспэкце ў Менску.
Невядомыя расклеілі ўлёткі з партрэтам лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча на Партызанскім праспэкце ў Менску, у раёне, дзе жыве моладзевы лідэр,— на слупах, на пад'ездах дамоў і ў падземных пераходах. Улёткі падпісаныя нейкім «Бацькоўскім камітэтам па абароне правоў і свабодаў дзяцей».
Пад партрэтам зроблены допіс, у якім указваецца нумар дома і кватэры, дзе жыве З.Дашкевіч. Таксама
ва ўлётцы сказана, што ў гэтай кватэры «падпольна пражывае арганізатар псэўдарэлігійнай грамады «Малады фронт», так званы «Зьміцер», якія вярбуе ў сваю сэкту падлеткаў і малалетніх дзяцей, замбуючы іх, падахвочвае іх на зьдзяйсьненьне гвалту».
Бацькоўскі камітэт па абароне правоў і свабодаў дзяцей, які падпісаў улётку, прапануе паглядзець скандальны відэафільм «Малады Фронт. Кіднэпінг», раней паказаны па беларускім тэлебачаньні, па спасылцы ў інтэрнэце.
«Бачна, што спэцслужбы распрацоўваюць новыя крэатыўныя мэтады ўціску на прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Ім здаецца, што гэта будзе мець нейкі эфэкт, хаця я сумняюся»,- сказаў у інтэрвію Зьміцер Дашкевіч.
Ён таксама сказаў, што «Маладому фронту» нічога не вядома пра так званы «бацькоўскі камітэт».