Беларускія праекты Рады Эўропы
Распрацоўваецца праект стварэньня ў Літве камунікацыйнай плятформы для Беларусі.
Распрацоўваецца праект стварэньня ў Літве камунікацыйнай плятформы для Беларусі.
Рада Эўропы – гэта міжнародная палітычная арганізацыя, заснаваная ў 1949 годзе, якая складаецца з прадстаўнікоў 46 эўрапейскіх краінаў. Гэта больш шырокае аб’яднаньне, чым Эўразьвяз. Усе сябры Эўразьвязу ўваходзяць і ў Раду Эўропы. Але ў склад РЭ ўваходзяць і такія краіны, як Расея, Украіна, Малдова, Грузія, Армэнія, Азэрбайджан, якія не ўваходзяць ў Эўрапейскі Зьвяз. Увогуле ж, з эўрапейскіх краінаў адна толькі Беларусь у РЭ не ўваходзіць – за парушэньні дэмакратыі і правоў чалавека яе пазбавілі нават статусу спэцыяльна запрошанае краіны.
Мэты
У якасьці асноўных мэтаў старэйшай міждзяржаўнай арганізацыі можна вылучыць тры наступныя: гэта абарона правоў чалавека, распаўсюд агульных эўрапейскіх дэмакратычных стандартаў і ўсталяваньне прынцыпу верхавенства закону на тэрыторыях краінаў – удзельніц Рады Эўропы. Рада Эўропы таксама спрыяе выпрацоўцы краінамі-ўдзельніцамі агульнага заканадаўства ў сфэры права, сацыяльнай і юрыдычнай практыцы, разьвіцьцю эўрапейскай самабытнасьці, заснаванай на супольных каштоўнасьцях і разнастайнасьці культур эўрапейскіх народаў.
Кірунак
На практыцы выходзіць, што асноўным кірункам дзейнасьці РЭ ёсьць распаўсюд і пашырэньне дэмакратычных каштоўнасьцяў Старога Сьвету на посткамуністычныя краіны, дапамога такім краінам у палітычным, заканадаўчым рэфармаваньні. Складаецца, на першы погляд, уражаньне, што хтосьці папраўляе сьвечкі ў чужой бажніцы. Насамрэч гэта ня так. Рада можа сачыць за працэсамі дэмакратызацыі, выкананьнем правоў чалавека, уплываць толькі на тыя краіны, якія пажадалі далучыцца да РЭ і ўзялі пры ўступленьні ў арганізацыю на сябе пэўныя абавязкі.
Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што Рада Эўропы не абмяжоўвае сябе барацьбой за дэмакратыю ў Эўропе. Гэтак, эўрапейцы актыўна выступаюць супраць парушэньня правоў чалавека ў ЗША – у пытаньнях пакараньня сьмерцю, утрыманьня палонных у Гуантанама або транспартаваньня асобаў, падазраваных у тэрарызьме.
Структура
РЭ разьмяшчаецца ў Страсбургу.
Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы, якая склікаецца на тыдзень кожныя тры месяцы, складаецца з 630 прадстаўнікоў нацыянальных парлямэнтаў 46 краін і дзьвюх краін – кандыдатак на далучэньне да Рады Эўропы. Да 1997 году парлямэнт Беларусі меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ.
Старшыня ПАРЭ – Рэнэ ван дэр Ліндэн. Генэральным сакратаром арганізацыі ёсьць Тэры Дэвіс. Сакратарыят складаецца са спэцыялізаваных дырэктаратаў (па палітыцы, праве, правох чалавека, сацыяльнай еднасьці, адукацыі і культуры ды інш.) і аддзелаў. Дзьвюхпалатны Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў РЭ складаецца з прадстаўнікоў нацыянальных мясцовых уладаў. Чацьвертай істотнай інстытуцыяй ў структуры Рады ёсьць Эўрапейскі суд па правах чалавека.
Камісарам РЭ па правах чалавека, які сочыць за выкананьнем правоў у краінах-удзельніцах, ёсьць Томас Хамэрбэрг. Акрамя камісарыяту, існуюць іншыя мэханізмы маніторынгу выкананьня краінамі РЭ ўзятых забавязаньняў. Структура Рады Эўропы фінансуецца на кошт унёскаў краінаў-сяброў. Бюджэт арганізацыі ў 2006 годзе складае крыху болей за 190 мільёнаў эўра.
Калі некалькі краінаў падпісваюць пагадненьне (канвэнцыю альбо хартыю) аб супрацы ў пэўнай сфэры дзейнасьці, ствараецца камісія ці камітэт з прадстаўнікоў ад розных краінаў. Пагадненьне можа быць частковае (калі яго падпісалі ня ўсе краіны РЭ), абавязковае для ўсіх краінаў Рады Эўропы (напрыклад, Эўрапейская канвэнцыя па правах чалавека), пашыранае (калі да яго далучаюцца краіны па-за РЭ).
Так, Беларусь да гэтай пары ёсьць падпісантам Культурнай канвэнцыі Рады Эўропы, што дазваляе нашай краіне быць паўнавартасным удзельнікам кампаніі «Ўсе розныя – усе роўныя», якую распачаў дырэктарат па адукацыі, культуры, пытаньнях моладзі і спорту на сэсіі ПАРЭ ў канцы чэрвеня. Наша краіна таксама асацыяваны сябар Вэнэцыянскай камісіі, якая спэцыялізуецца на юрыдычных пытаньнях у сфэры канстытуцыйнага ды выбарчага заканадаўства. Праўда, у 1997 годзе сяброўства Беларусі заблякавана, і ўсе кантакты у гэтай сфэры спыненыя.
Беларусь у Эўропу
У РЭ дастаткова праціўнікаў ізаляцыі Беларусі. За аднаўленьне афіцыйных кантактаў на сёлетняй сэсіі ПАРЭ горача выступала расейская дэлегацыя. Старшыня Парлямэнцкай асамблеі, які ўжо меў размову са сьпікерам палаты прадстаўнікоў Канаплёвым, выказаўся пра магчымасьць візыту ў нашу краіну ў верасьні, калі будзе афіцыйнае запрашэньне. Такі намер старшыні вітаў у сваёй прэсавай канфэрэнцыі сьпікер верхняй палаты расейскага парлямэнту Сяргей Міронаў. Эўропа чакае Беларусь. Яна шукае шляхі, а значыць – рычагі ўплыву, з дапамогай якіх можна было б палепшыць сытуацыю ў Беларусі, але усё ж, паводле словаў Тэры Дэвіса, не зьбіраецца мяняць сваёй ацэнкі бэларускіх выбараў і стаўленьня да цяперашняга беларускага кіраўніцтва.
Структуры Рады Эўропы ўвесь час падтрымліваюць кантакты з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў Беларусі. Так, Канфэрэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацыяў Рады Эўропы ладзіць паседжаньні з удзелам беларускіх НДА, распрацоўвае праект па стварэньні ў Літве камунікацыйнай плятформы для Беларусі. Дырэктарат па адукацыі запрашае беларускую моладзь удзельнічаць у кампаніі «Ўсе розныя – усе роўныя». Дырэктарат па палітычных пытаньнях ладзіць у ліпені ў Страсбургу Ўнівэрсытэт дэмакратыі, куды запрошаны 9 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Вэнэцыянская камісія спрабуе супрацоўнічаць зь беларускім Канстытуцыйным судом праз Канфэрэнцыю эўрапейскіх канстытуцыйных судоў.
❏
За больш дэталёвай інфармацыяй пра жыцьцё Эўропы зьвяртайцеся да ўэб-бачыны belarus-europe.info.
Тэлепраграма «Акно ў Эўропу» трансьлюецца на канале RTV і праз кабэльнае тэлебачаньне штонядзелю а 17-й і з паўторам у панядзелак (а 5.00), аўторак (12.00), чацьвер (5.00) і суботу (2.00).
Штотыднёвая радыёпраграма «Акно ў Эўропу» трансьлюецца па Эўрапейскім радыё для Беларусі на частотах АМ і FM, праз спадарожнік і ў Сеціве а 8-й раніцы (АМ: AM: 612 kHz, спадарожнік: 11013 Mhz, FM: 103.4 а 5.40).
Гэтыя праграмы фінансуюцца Эўракамісіяй.
Фота