Беларуская Ірландыя
Дарога на Дублiн пралягае праз бяскрайнiя зялёныя палi.
Дарога на Дублiн пралягае праз бяскрайнiя зялёныя палi. Машына то падымаецца на ўзгорак, то зноў спускаецца ў нiзiну. На забалочаных лугах яшчэ пасвiцца жывёла.
Надвор’е непастаяннае: за апошнiя дзве гадзiны тры разы iмжэў дождж, пяць разоў выглядвала з‑за хмараў сонца. Вецер не супакойваецца нi на хвiлiну. I ўсё ж такi для большай перакананасцi, што я знаходжуся ў Iрландыi, устаўляю навушнiкi з кельцкiмi мелодыямi…
Вёска з iрландскай назвай Дублiн размясцiлася сярод балот Брагiнскага раёна.
Гэта цяпер дабрацца сюды па асфальтавай дарозе не выклiкае цяжкасцяў, а да пачатку мелiярацыi адзiным сродкам перамяшчэння тут былi лодкi. Нават працавалi «маршрутчыкi», якiя за 20 капеек перавозiлi тутэйшае насельнiцтва на лодцы праз балота ў Брагiн, а гэта нi многа нi мала — 6 кiламетраў! Дарэчы, сталiца Iрландыi ў свой час таксама была заснавана на дрыгве.
Насамрэч, з зялёным востравам беларускi Дублiн аб’ядноўвае значна больш, чым, напрыклад, Лагойск са Швейцарыяй. Гадоў сем таму сюды прыязджалi iрландскiя карэспандэнты, здымалi фiльм пра вёску i яго жыхароў. Такая цiкавасць з iх боку невыпадковая. Па адной з версiй аб паходжаннi вёскi, калiсьцi тут размяшчалася рота iрландскiх наёмнiкаў, якiя вырашылi стварыць на чужыне кавалачак далёкай радзiмы. На жаль, калi гэта было — ужо нiхто не памятае. Летапiс у вёсцы нiхто нiколi не вёў, а з архiўных дакументаў шмат iнфармацыi пра Дублiн не пачэрпаеш.
Iрландцы на Брагiншчыне маглi з’явiцца значна раней, чым можна сабе ўявiць. Ёсць звесткi, што да пачатку татарскага нашэсця ў Кiеве дзейнiчаў кляштар Дзевы Марыi, якi быў на ўтрыманнi iрландскiх манахаў.
Брагiнская зямля належала ў той час Кiеўскаму княству. Магчыма, што ўжо ў ХII стагоддзi мiсiянеры хадзiлi з паданнямi i па навакольных вёсках. Да таго ж самай блiзкай дарогай з Iрландыi да Кiева быў «шлях з варагаў у грэкi», якi пралягаў праз Брагiншчыну. У ХIII стагоддзi, дзякуючы аднаму з iрландскiх мiсiянераў, з’явiлася першая згадка пра Белую Русь, i што асаблiва прыкметна, у Дублiнскiм рукапiсе.
На мяжы ХVI—ХVII стагоддзяў значна аслабела Маскоўская дзяржава, чым паспешлiва вырашылi скарыстацца беларускiя магнаты. Магчыма, у гэты час ў наваколлi сучаснага Дублiна з’явiлiся першыя наёмнiкi з зялёнага вострава. Брагiншчына на той час была памежнай тэрыторыяй, таму сюды маглi быць перакiнуты атрады замежнiкаў. Да таго ж, менавiта тут упершыню заявiў пра сябе князю Адаму Вiшнявецкаму i заручыўся яго падтрымкай Iлжэдзмiтрый I. Iрландскiя ваяры ўдзельнiчалi ў паходах на Маскву, а калi падзеi разгортвалiся не па сцэнарыi, пераходзiлi на бок рускiх.
Магчыма, у пачатку ХVII стагоддзя вёска i атрымала сваю назву. У гэты ж час яна трапляе ў пiсьмовыя крынiцы. Але iрландская версiя паходжання Дублiна з’явiлася адносна нядаўна. Дагэтуль хадзiла легенда, што нiбыта ў вёсцы стаяў на ўзгорку вялiкi дуб, таму i назвалi паселiчша Дублiн.
Сёння — гэта невялiкая вёсачка, якая ўтвараецца перасячэннямi некалькiх вулiц. Жыве тут менш за 300 чалавек. Менавiта з‑за гэтай прычыны пару гадоў таму мястэчка пазбавiлi статусу цэнтра сельсавета. Уздоўж трасы размясцiлiся пафарбаваныя хаты, а на ўскраiне высяцца пакiнутыя двухпавярховiкi i забыты дзецьмi дзiцячы садок. Цяпер вырашаецца пытанне аб закрыццi школы: рабочага персаналу больш за навучэнцаў.
У Дублiне ёсць нават свае гiстарычныя каштоўнасцi. Гэта дзве драўляныя чатырохсхiльныя хаты з чаротавым дахам — добры прыклад таго, як выглядалi хаты на Палессi да прыходу сюды сучаснай цывiлiзацыi. Але толькi вонкавы выгляд захаваў свае аўтэнтычныя рысы: унутранае ўбранне, вiдаць, было наблiжана да сённяшняга. Цяпер гэтыя хаты размешчаны на самым уездзе ў вёску. Гаспадары iх памерлi некалькi гадоў таму, i «помнiкi архiтэктуры» засталiся нiкому не патрэбныя. Прысядзiбныя соткi параслi травой, а ўнiкальныя хаты развальваюцца на вачах. Блiзкiя памерлых, вiдаць, не збiраюцца вяртацца ў родныя мясцiны, таму было б нядрэнным перадаць хаты ў добрыя рукi.
Не было мяжы радасцi i здзiўлення iрландскiх карэспандэнтаў, якiя хадзiлi па вёсцы i фатаграфавалi саламяныя дахi. Яны адчувалi сябе першаадкрывальнiкамi невядомага дагэтуль свету. Яны пабачылi Дублiн такiм, якой нiколi не была iрландская сталiца. Асаблiвую цiкавасць ў гасцей выклiкалi шытыя мясцовымi майстрамi ручнiкi. Дублiн — вёска, якая з‑за адной назвы павiнна прыносiць неблагiя грошы.
Патэнцыйныя клiенты — турысты з Iрландыi. Але пакуль фiнансы Дублiн абыходзяць бокам…
У адрозненне ад сапраўднай Iрландыi, ехаць працаваць у вёску Дублiн ахвотнiкаў мала. Жывуць тут пераважна старыя людзi: хто ад нараджэння, а хто i з сселеных хутароў. Уладзiмiр Кур’ян, ветэран Вялiкай Айчыннай, адзiн з нямногiх мясцовых жыхароў, хто можа сёння праводзiць экскурсii для гасцей. Памятае ён тыя часы, калi Дублiн быў яшчэ адарваны ад свету балотамi. Памятае, як сям’я жыла ледзь не ў зямлянцы. Калi савецкая ўлада пачала «зганяць» сялян у калгасы, яго бацька быў першым, хто ўступiў, ад чаго сям’ю не вельмi далюблiвалi заможныя вяскоўцы. Былi падпалы, выразалi скацiну. Раённае партыйнае кiраўнiцтва дапамагло знайсцi грошы, каб адбудавацца.
Падчас вайны Уладзiмiр Савельевiч знаходзiўся на фронце, а пасля яе заканчэння лёс зноў прывёў яго на малую радзiму. Тут i застаўся да сённяшняга дня. Працаваў днём у калгасе, вечарамi чытаў для неадукаваных вяскоўцаў газеты ў мясцовым клубе. У Дублiне спадар Уладзiмiр вядомы сваiмi навыкамi цырульнiка. Нават захавалiся трафейныя нямецкiя нажнiцы i машынка, якiя ён з гонарам паказвае гасцям.
На сваё жыццё ветэран скардзiцца не прывык. Яго i павiншуюць у патрэбны час, i на «Ваша лато» на розыгрыш у сталiцу звозяць. Затое праблемы з водазабеспячэннем узнiкаюць. Праводзiлi рамонтныя работы, сапсавалi калонку, пачала знiкаць вада ў калодзежы.
Адзiнае, што заўсёды ў парадку — дублiнская медыцына. Фельдшар Марыя Герасiмаўна самы паважаны спецыялiст у iрландскiм краi. Будзь на дварэ ночь цi дзень, заўсёды можна разлiчваць на хуткую дапамогу. У Дублiне дастаткова добра працуе мабiльная сувязь, ёсць стацыянарная тэлефанiя. Калiсьцi iснавала каплiца, але барацьба з «опiумам народа» зрабiла сваё.
Пасля таго, як у вёску завiталi iрландцы, жыхары пачалi лiчыць сябе нашчадкамi кельтаў. Цяпер i самае папулярнае ў Дублiне прозвiшча Кур’ян лiчыцца замежным. Напрыклад, рускi паэт Лермантаў паходзiць ад iрландскага ваеннага Лерманта, якi прыбыў наёмнiкам у Рэч Паспалiтую пад вайну з Масквой, а потым перайшоў на бок працiўнiка.
Памiж Беларуссю i Iрландыяй можна нярэдка правесцi значна больш паралеляў, чым з якой iншай еўрапейскай краiнай. У нас подобная гiсторыя. Доўгi час мы залежалi ад больш уплывовага суседа. Нават моўная сiтуацыя ў краiнах амаль што капiруе адна адну. Праўда, апошнiм часам у Iрландыi схiлiлiся ў бок роднай мовы, чаго не назiраецца пакуль што ў нас. Разам з iрландцамi ў свой час беглi за акiян i беларусы.
Наша краiна стала другой радзiмай знакамiтаму роду О’Руркаў. Iрландскiя мiсiянеры прыносiлi еўрапейскую культуру на нашы землi.Толькi гэтых фактаў дастаткова, каб у Беларусi з’явiўся маленькi кавалачак далёкага вострава ў вёсцы Дублiн.