Лукашэнка пракаментаваў планы Крамля далучыць Беларусь да 2030 года
Днямі журналісты-расследавальнікі паведамілі пра існаванне ўнутранага дакумента расійскіх уладаў пад назвай «Стратэгічныя мэты Расійскай Федэрацыі ў Беларусі», згодна з якім Расія збіраецца да 2030 года акупаваць Беларусь. У суботу, 25 лютага, Аляксандр Лукашэнка агучыў сваё бачанне сітуацыі.
Лукашэнка зрабіў шэраг заяў пасля забегу на «Мінскай лыжні» ў Раўбічах. Фота: БелТА
«У нас ёсць свая стратэгія? Ёсць. У Расіі, буйной ядзернай дзяржавы, ёсць свая стратэгія? Ёсць. І ў Расіі ў дачыненні да Беларусі ў тым ліку ёсць свая стратэгія — жыць, як са сваімі братамі, у міры і дружбе. 100%. Я ў гэтым «катле» цалкам варуся і ўдзельнічаю ў гэтым», — заявіў палітык.
«Нас проста хочуць яшчэ раз рассекчы. Таму паўстала гэтая тэма. Нічога жывога ў гэтым няма. Маю пазіцыю вы ведаеце, яна нязменная: мы незалежная суверэнная дзяржава», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.