БЕЛ Ł РУС

На парыжскім рэферэндуме прагаласавалі за забарону ў горадзе арэнды электрасамакатаў. Вось чаму

3.04.2023 / 20:8

Nashaniva.com

Быць ці не быць у французскай сталіцы пракату электрасамакатаў, вырашалі на мясцовым рэферэндуме. Амаль 90% галасоў было аддадзена за ўвядзенне забароны, хоць кампаніі-аператары звяртаюць увагу на нізкую яўку.

Фота ілюстрацыйнае

Як паведамляецца, мэр Парыжа Ан Ідальго заявіла, што ў горадзе будзе ўведзеная забарона на пракат электрасамакатаў — такое рашэнне прынятае па выніках кансультатыўнага рэферэндуму, які прайшоў 2 красавіка.

За ўвядзенне абмежаванняў было аддадзена 89% галасоў.

Праўда, шэрынгавыя кампаніі звярнулі ўвагу на нізкую яўку: у рэферэндуме ўзялі ўдзел толькі крыху больш за 100 тыс. чалавек з 2,2 млн жыхароў французскай сталіцы.

Паводле заявы парыжскага мэра, арэнда электрасамакатаў павінна знікнуць з горада з 1 верасня — менавіта тады мінае тэрмін дзеяння ўжо заключаных з аператарамі кантрактаў.

Акрамя таго, у Парыжы ўвядуць абмежаванні і для ўладальнікаў падобнага транспарту: ім дазволяць перасоўвацца на электрасамакаце з хуткасцю не больш за 20 кіламетраў на гадзіну, а таксама пакідаць транспарт выключна на спецыяльных паркоўках.

Кампаніі, якія здаюць электрасамакаты ў кароткатэрміновую арэнду праз мабільныя праграмы, ужо заявілі, што расчараваныя прынятым рашэннем, але спадзяваюцца на адмову гарадскіх уладаў ад ідэі поўнай забароны. Замест гэтага яны прапануюць распрацаваць новую нарматыўна-прававую базу для сваёй дзейнасці.

Для электрасамакатаў у Парыжы ўжо дзейнічаюць некаторыя забароны. Да прыкладу, нельга перасоўвацца па ходніках, а таксама выкарыстоўваць тэлефон ці навушнікі падчас паездкі — парушальнікам могуць выпісаць штраф у памеры да 1,5 тыс. еўра.

Прыхільнікі абмежавальных мер сцвярджаюць, што электрасамакаты ствараюць небяспечныя сітуацыі як для пешаходаў, так і для аўтамабілістаў. Так, у 2022 годзе ў Парыжы адбылося 459 аварый з удзелам гэтага віду транспарту, у выніку іх загінулі тры чалавекі.

Чытайце таксама:

У Мінску абмяжуюць хуткасць пракатных электрасамакатаў

ДАІ хоча забараніць рух электрасамакатаў у Верхнім горадзе па выхадных

Пракат электрасамакатаў не такі экалагічны, як можа здавацца

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула