Фота: Kristoffer Trolle/flickr.com

Калі на захад Парыжа лёг вясновы вечар, мне трэба было дабрацца праз увесь горад да сваёй кватэры, што знаходзілася прыкладна за тры кіламетры. Вуліцы былі перагружаныя, таму я не адважыўся ўзяць таксі, а ехаць на метро мне не хацелася, бо было горача, а станцыя знаходзілася далёка. Таму я ўзяў напракат электрасамакат, які стаяў на вуліцы, і праскочыў праз заторы проста да сваіх дзвярэй. Паездка была вясёлай, не кажучы ўжо пра даступнасць і хуткасць. Я мяркую, што гэта было яшчэ і экалагічна: электрасамакаты не маюць рухавіка ўнутранага згарання, гэта ж дакладна мусіць быць экалагічна?

Разгортванне масавай колькасці пракатных самакатаў было пабудавана на такой перадумове: замест аўтамабіля, які выкідае шкодныя газы, вазьміце двухколавы цуда-мабіль. Вы зэканоміце час і дапаможаце экалогіі. Кампанія Lime, якая працуе па ўсім свеце, але ў асноўным у Еўропе і Паўночнай Амерыцы, імкнецца «пабудаваць будучыню, у якой транспарт будзе агульным, даступным і не будзе выкідаць вуглякіслы газ». Іншы аператар, Bird, сцвярджае, што карыстальнікі могуць «скараціць выкіды CO2, пры кожнай паездцы».

Але даследаванні паказваюць, што пракатныя самакаты не скарацілі выкідаў вуглякіслага газу ў гарадах. Гэта складаная праблема, кажа Хуан Матуце, намеснік дырэктара Інстытута транспартных даследаванняў пры Каліфарнійскім універсітэце ў Лос-Анджэлесе. Паводле яго слоў, ёсць шмат абставінаў, пры якіх праграмы па пашырэнні выкарыстання пракатных электрасамакатаў могуць быць «зялёнымі», але ўсё залежыць ад таго, як і дзе яны працуюць.

Любіце вы іх ці не любіце, але пракатныя самакаты апанавалі найбуйнейшыя гарады свету. Паводле ацэнак, у 2019 годзе ў ЗША людзі здзейснілі 86 мільёнаў паездак на шэрынгавых электрасамакатах перш чым пандэмія прывяла да заняпаду амаль усіх відаў транспарту. Нават у кавідным 2020-м людзі ў ЗША, Канадзе і Мексіцы здзейснілі больш за 25 мільёнаў паездак. Арэнду электрасамакатаў можна знайсці ў сотнях гарадоў па абодва бакі Атлантыкі, уключаючы Сіэтл, Лондан, Рым і Кіеў. Яны таксама з'явіліся ў Нью-Ёрку і іх усё болей у гарадах Азіі.

Першы шэрынг самакатаў запусціла кампанія Bird, якая спецыялізуецца на мікрамабільнасці, у Санта-Моніцы, Каліфорнія, у верасні 2017 года. Неўзабаве за ёй рушылі ўслед іншыя, і якія адразу ж мелі поспех. Але па меры пашырэння рынку не праводзілася ўважлівага аналізу ўздзеяння гэтых праграм пракату на навакольнае асяроддзе. Меркавалася, што яны маюць нязначны вугляродны след, што дапамагло кампаніям прыцягнуць велізарныя сумы інвестыцый. Да мая 2019 года ў 97 амерыканскіх гарадах працавала 14 кампаній па пракаце электрасамакатаў.

Каб ацаніць ўздзеянне гэтых праграм на навакольнае асяроддзе, неабходна ўлічыць выкіды самакатаў на працягу ўсяго іх жыццёвага цыкла: вытворчасць матэрыялаў і кампанентаў, з якіх складаецца кожны, працэс вытворчасці, дастаўка скутараў туды, дзе яны будуць выкарыстоўвацца, збор, зарадка і пераразмеркаванне скутараў, і іх утылізацыя. Як толькі вы гэта зробіце, карціна вымалёўваецца бязрадасная.

Паводле даследавання, праведзенага ў 2019 годзе ў амерыканскім штаце Паўночная Караліна, электрасамакаты агульнага карыстання вырабляюць 125 грамаў вуглякіслага газу на кіламетр за ўвесь свой жыццёвы цыкл — гэта больш, чым электрамапед (74 грама), электравеласіпед (25 грам), ровар (5 грам) і нават дызельны аўтобус (51 грам), які мае вялікую загрузку. Даследаванне паказала, што электрасамакат вырабляе менш выкідаў вуглякіслага газу, чым каршэрынгавы аўтамабіль (256 грамаў), але толькі 34 адсоткі прааналізаваных паездак на самакатах замянілі паездку, якую можна было б здзейсніць на аўтамабілі.

У адрозненне ад гэтага, амаль палова паездак была б здзейсненая на ровары або пешшу, а адзінаццаць адсоткаў — на аўтобусе. Сем адсоткаў паездак наогул не было б здзейснена без самакатаў. Паколькі дадатковыя выкіды ад выкарыстання электрасамакатаў былі большыя, чым ад паездак на аўтамабілі, даследаванне прыйшло да высновы, што праграмы пракату самакатаў павялічваюць агульныя транспартныя выкіды.

У 2020 годзе ў Парыжы было праведзена даследаванне, у якім была зробленая выснова, што гарадскія каршэрынгавыя электрасамакаты за год дадалі да вугляроднага следу горада 13 тысяч тон дадатковых парніковых газаў, што эквівалентна сумарным гадавым выкідам невялікага горада. Зноў жа, паездкі на самакатах часта замянялі паездкі на менш шкодных відах транспарту.

У пачатку гэтага года Даніэль Рэк і Кей Аксхаузэн са Швейцарскага федэральнага тэхналагічнага інстытута ў Цюрыху правялі даследаванне, у якім прыйшлі да высновы, што ў сярэднім сумеснае выкарыстанне электрасамаката стварае на 51 грам болей вуглякіслага газу на кіламетр, чым транспарт, які ён замяняе. «Сутнасць у тым, што каршэрынгавыя самакаты наносяць шкоду клімату», — сказаў Рэк у інтэрв'ю нямецкай газеце Die Zeit.

Фота: 2013, Robert S. Donovan

Шмат у чым гэта звязана з дрэннай канструкцыяй. На досвітку развіцця пракату ў галіне выкарыстоўваліся крыху мадыфікаваныя версіі спажывецкіх мадэляў. Вырабленыя ў Кітаі такімі кампаніямі, як Xiaomi і Segway-Ninebot, яны не былі гатовыя да суровых умоваў эканомікі шэрынга. Корпус акумулятара часта нават не быў воданепранікальным, таму ў вільготных месцах акумулятары маглі загарэцца, а абарона ад вандалізму і крадзяжоў адсутнічала. Там, дзе самакаты былі ў навінку, іх часта ламалі.

«Першая серыя транспартных сродкаў не была прызначаная для гэтай галіны», — кажа Скот Рашфорт, галоўны спецыяліст па транспартных сродках кампаніі Bird.

Нават у самых лепшых выпадках першыя апараты праслужылі ўсяго некалькі месяцаў. А з іх алюмініевымі рамамі і літый-іоннымі батарэямі іх замена азначала выкід значна большай колькасці вугляроду. «Амартызацыя літый-іонных батарэй і вытворчых выкідаў за дзвесце паездак, а не за дзве тысячы, выглядае не вельмі добра», — кажа Матуце.

Акрамя таго, самакатам таксама патрэбны транспарт. Яны традыцыйна выкарыстоўваюць невялікія батарэі, якія трэба часта зараджаць, і звычайна кампаніі наймаюць людзей, якія забіраюць самакаты, адвозяць іх за горад для зарадкі і прывозяць зноўку на наступную раніцу. Кіроўцы таксама выкарыстоўваюцца для пераразмеркавання парку, калі занадта шмат транспартных сродкаў пакідаюць у раёне, дзе яны наўрад ці будуць выкарыстоўвацца.

Аб'яднаўшы вытворчыя і эксплуатацыйныя выкіды, вы атрымаеце асноўную частку ўздзеяння праграмы пракату на навакольнае асяроддзе. Даследнікі з Паўночнай Караліны падлічылі, што 93 адсоткі вугляроднага следу ад шэрынгу электрасамакатаў прыпадаюць на гэтыя катэгорыі. Зарадка пракатнага самаката складае ўсяго 5 адсоткаў ад агульнага аб'ёму выкідаў.

Але гэта азначае, што існуюць відавочныя спосабы, з дапамогай якіх аператары могуць скараціць выкіды сваіх праграм пракату: напрыклад, з дапамогай новых падыходаў да збору і размеркавання парку. У працяг парыжскага даследавання адна з яго ўдзельніц, Ан дэ Барталі, выявіла, што, перавозячы электрасамакаты на электрамабілях і аптымізуючы маршруты, аператары могуць скараціць выкіды вуглякіслага газу на 55 адсоткаў. Аператары самакатаў былі заахвочаныя да такіх зменаў гарадскімі ўладамі, якія сталі надаваць больш увагі «зялёным» характарыстыкам і аналізу жыццёвага цыклу пры прыняцці рашэння аб выдачы ліцэнзіі.

Кампаніі таксама робяць свае самакаты больш даўгавечнымі. Ад 60 да 70 адсоткаў аператараў пракату, у тым ліку еўрапейскіх гігантаў, такіх як Tier і Bolt, набываюць свае скутэры ў Segway-Ninebot або Okai, і абедзве кампаніі працуюць над стварэннем больш трывалых і даўгавечных прадуктаў. Нават базавая мадэль Okai, выбар для эканомных аператараў, павінна праслужыць каля двух гадоў. «Усё, што мае кароткі тэрмін службы, было выключана з нашага асартыменту», — кажа Тоні Гюнтэр, кіраўнік аддзела электроннай камерцыі Okai.

Фота: wikimedia.org/Alex Genz

Некаторыя аператары, такія як Superpedestrian, Lime і Bird, пайшлі яшчэ далей, распрацаваўшы прамысловыя мадэлі ўласнымі сіламі. Усё ў сучасных самакатах «створана для даўгавечнасці сумеснага выкарыстання», — кажа Эндру Сэвідж, кіраўнік аддзела ўстойлівага развіцця кампаніі Lime. Чакаецца, што найноўшы электрасамакат кампаніі праедзе каля 20 тысячаў кіламетраў на працягу як мінімум пяці гадоў, але ёсць імавернасць, што болей. Кампанія Bird чакае, што яе аналаг, вядомы як Three, праедзе не менш за 10 000 кіламетраў за той жа перыяд часу.

Іншыя кампаніі, такія як Voi і Lime, таксама ўкараняюць зменныя батарэі. Замест таго, каб цягаць з сабой самакаты для падзарадкі, яны проста перастаўляюць батарэі, якія да таго ж маюць вялікую ёмістасць, што скарачае колькасць паездак, неабходных для падтрымання іх парку ў працоўным стане. «Вы можаце ўзяць Bird Three і запусціць яго ў вялікім горадзе, напрыклад, у Лос-Анджэлесе, — кажа Рашфорт, — і вам, верагодна, не давядзецца наведваць гэты самакат зноў на працягу тыдня ці нават дзесяці дзён». Першая ўласная мадэль Bird Zero звычайна працавала тры дні.

Але цяпер экалагічны ўнёсак большасці праграмаў пракату электрасамакатаў цмяны. Нягледзячы на нядаўнія паляпшэнні, якія робяць аператары, яны ўсё яшчэ не раскрываюць інфармацыю пра тое, як вырабляюцца самакаты, які іх бягучы жыццёвы цыкл, як яны збіраюцца, зараджаюцца і размяркоўваюцца. З іншага боку, паколькі рынак арэнды самакатаў развіваецца так хутка, цяжка экстрапаляваць высновы існуючых даследаванняў, каб вызначыць, наколькі экалагічнымі будуць гэтыя праграмы ў будучыні. У даследаванні, праведзеным у Паўночнай Караліне, напрыклад, каманда разабрала і прааналізавала Xiaomi M365, які ўжо даўно лічыцца непрыдатным для выкарыстання.

«Даследаванне гадавой, двухгадовай або трохгадовай даўніны — гэта старажытная гісторыя ў гэтай галіне», — кажа Сэвідж.

Відавочна, што галіна хутка развіваецца, і з часам паказчыкі выкідаў пры арэндзе электрасамакатаў будуць паляпшацца. Невядома, ці зможам мы палепшыць транспартныя сродкі, якія яны замяняюць. Напрыклад, у буйных гарадах, такіх як Парыж, Нью-Ёрк і Лондан, дзе ёсць эфектыўны грамадскі транспарт, самакатам будзе цяжка стаць самым экалагічным спосабам перамяшчэння. Па словах Рака, які працаваў над даследаваннем у Цюрыху, электрасамакаты часта з'яўляюцца ў цэнтрах гарадоў, дзе назіраецца вялікая праходнасць. Але гэтыя раёны ўжо добра абслугоўваюцца грамадскім транспартам.

«Цяпер у нас ёсць праблема, звязаная з тым, што кампаніі па пракаце электрасамакатаў не прысутнічаюць на ўскраінах, бо гэта нявыгадна», — кажа ён. — Але варта запусціць пракатныя самакаты ў месцы, дзе яны з большай верагоднасцю выцесняць бензінавыя і дызельныя аўтамабілі, і яны нарэшце змогуць апраўдаць свае раннія эка-абяцанкі».

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
11
Сумна
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
--- / Адказаць
25.07.2022
...через весь париж - 3км...
если ради перемещения на 3км. всерьез рассматривается такси, а метро "далеко" - метров 200 наверное?, то неважно, насколько вредны электросамокаты, с такой ленью ничего не поможет
2
Сяржук / Адказаць
25.07.2022
Жонка падаравала на дзень народзінаў самакат. Едзе на адным зарадзе па доках 75 км, але я ўшчэнт яго не разраджаў. Максымальна нешта каля 60-65 км мог наезьдзіў на адной зарадцы. Для Варшавы норм. Рэч сябе апраўдвае. З іншага боку не бачу сэнсу ў набыцьці лайна ад ксаёмі, з макс. крокам 30-35 км.
0
Чтобы быть умным, оригинал тоже читать надо / Адказаць
26.07.2022
Ляп переводчика: make my way across town - вовсе не переводится через весь город.
И 3 км могут быть по прямой.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру