БЕЛ Ł РУС

У Беларусі адбудзецца аўкцыён па продажы двух савецкіх верталётаў. Колькі просяць за 40-гадовую тэхніку з Мачулішчаў?

12.04.2023 / 14:29

Nashaniva.com

На 13 красавіка назначаны аўкцыён па продажы двух верталётаў Мі-8. Такая інфармацыя месціцца на сайце РУП «Белспецкантракт». 

Верталёт Мі-8. Фота: bsk.by

Пачатковая цана на абодва варыянты Мі-8МТ аднолькавая — 525 000 рублёў (каля 178 000 даляраў). Той, хто хоча ўзяць удзел у аўкцыёне, мусіць унесці задатак у памеры 105 тысяч рублёў (каля $35 600).

Абодва аб'екты знаходзяцца ў Мачулішчах на базе вайсковай часці 06752. Абодва верталеты маюць «прабег» каля 3000 гадзін. Адзін з іх адпраўлялі на капітальна-аднаўленчы рамонт у 2004 годзе, а другі — у 2007. Яны маюць чацвёртую ступень прыдатнасці.

Скрыншот з сайта bsk.by

Як высветлілася, гэтыя два вайсковыя верталёты не адзіныя, што дзяржава спрабуе прадаць. 

Апроч гэтых двух Мі-8МТ, на сайце «Белспецкантракта» можна знайсці яшчэ тры верталёты Мі-2 1981—1987 гадоў выпуску. Тэхніка прадаецца мінімум з лета 2016 года. Знаходзяцца яны ў вёсцы Пясчанка Віцебскага раёна. Цэны ад 53 330 да 54 880 рублёў (каля 18 300 даляраў).

Апроч гэтых трох верталётаў, якія не могуць знайсці новага ўласніка цягам некалькіх гадоў, на сайце можна знайсці інфармацыю аб вывучэнні попыту на верталёт Мі-26, які з'яўляецца адным з самых вялікіх у свеце. 

Гэты Мі-26 упершыню выстаўлялі на продаж яшчэ ў чэрвені 2018 года. Апошні раз яго намагаліся прадаць у снежні 2022 года, тады за яго прасілі 7 162 726 рублёў, што каля 2 750 000 даляраў. У 2019 годзе за яго хацелі выручыць без малога 7 мільёнаў даляраў па тагачасным курсе. 

Верталёт Мі-26. Фота: bsk.by

«Цяпер з мэтай далейшай рэалізацыі верталёта РУП «Белспецкантракт» вывучае попыт на яго, праводзіць маркетынгавыя даследаванні другаснага рынку і рыхтуе прапановы для вызначэння цаны яго рэалізацыі», — пазначана на сайце прадаўца. 

Савецкія верталеты ў Беларусі прадаваліся і раней. Паведамлялася, што адзін з рэалізаваных у 2011 годзе верталетаў Мі-8 набылі для здымак фільма «Цвёрды арэшак — 5».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула