БЕЛ Ł РУС

Экс-прэм'ера Пакістана Імрана Хана вызвалілі пад заклад. Менавіта пасля яго арышту ў краіне выбухнулі пратэсты

12.05.2023 / 14:59

Nashaniva.com

Вярхоўны суд Пакістана вырашыў, што Хана арыштавалі незаконна.

Імран Хан. Фота: AP

Пакістанскі суд пастанавіў вызваліць на два тыдні пад заклад былога прэм'ер-міністра Імрана Хана, чый арышт на гэтым тыдні прывёў да масавых беспарадкаў у розных частках краіны, піша Бі-бі-сі.

Імран Хан, зорка самага папулярнага ў Пакістане віду спорту, крыкета, а таксама экс-прэм'ер-міністр, быў арыштаваны вайскоўцамі 9 мая ў Высокім судзе Ісламабада, куды ён з'явіўся на слуханне паводле абвінавачання ў карупцыі.

У чацвер Вярхоўны суд Пакістана вырашыў, што Хана арыштавалі незаконна, пасля чаго Высокі суд Ісламабада, як абвясціў у пятніцу адвакат экс-прэм'ера, прыняў рашэнне аб вызваленні пад заклад.

«Высокі суд Ісламабада адпусціў яго пад заклад на два тыдні, а таксама забараніў арыштоўваць Імрана Хана на працягу гэтага перыяду», — сказаў журналістам пасля слухання адвакат Файзал Чаўдры.

«У іх не было падстаў арыштоўваць мяне. Мяне выкралі. Як быццам у нас дзейнічае закон джунгляў», — заявіў сам Хан брытанскай газеце The Independent.

Антыкарупцыйнае ведамства Пакістана абвінавачвае Імрана Хана ў махінацыях з зямельнымі ўчасткамі.

У аўторак пасля таго, як Хан быў арыштаваны, у краіне ўспыхнулі беспарадкі: яго прыхільнікі падпальвалі афіцыйныя ўстановы і ўрываліся ў вайсковыя часці.

У беспарадках загінула як мінімум восем чалавек, амаль дзве тысячы былі затрыманыя.

Чытайце таксама:

У Пакістане адключаюць мабільны інтэрнэт. У краіне другі дзень маштабныя пратэсты

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула