На «Мінскхлебпраме» сталі рабіць літоўскія шакоцісы
17.05.2023 / 16:49
У некаторых мінскіх крамах супрацоўнікі выдання Tochka.by заўважылі шакоцісы беларускай вытворчасці. Гэта мучны выраб у выглядзе ялінкі, які вельмі папулярны ў суседняй Літве.
«Шакоціс» у перакладзе з літоўскай мовы — «галінкавы» (галінка — «шакас»), і слодыч так называецца з-за вонкавага выгляду.
Робяць прадукт, які прадаецца ў мінскіх крамах, на прадпрыемстве «Мінскхлебпрам».
Цеста для гэтага кандытарскага вырабу гатуецца з дадаваннем вялікай колькасці яек, смятаны, а таксама сметанковага масла. Выпякаюць дэсерт на ражне, які паліваюць цестам. Сцякаючы, яно прымае «калючую» форму. Усярэдзіне такі ласунак пусты, але пры жаданні ў яго можна дадаць любую начынку, напрыклад, крэм або ўзбітыя вяршкі.
У мінскім універсаме «Цэнтральны» кошт шакоціса — 55,08 рубля за кілаграм, але так як важыць адна штука каля 300 г, то абыдзецца яна ў межах 20 рублёў.
Такі вялікі кошт тлумачыцца тым, што на 1 кіло мукі трэба дадаваць больш за 30 курыных яек.
У Літве прынята рабіць шакоцісы на вялікія святы, таксама слодыч возяць у якасці сувеніра ў іншыя краіны. Іх можна ў Літве набыць фактычна ў любой буйной прадуктовай краме.
У некаторых беларускіх рэгіёнах таксама могуць рабіць падобныя вырабы пад іншымі назвамі. Так, у Поразаве на Гродзеншчыне ён завецца банкухай і ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Чытайце таксама:
Сетка «Суседзі» пачала прадаваць літоўскія шакоцісы
Літоўскія кухары адраджаюць нацыянальныя стравы
Гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі прызналі пірог «банкуха» з Поразава. Што гэта такое?