БЕЛ Ł РУС

Беларуска прапануе, як павялічыць колькасць лістоў палітвязням

28.06.2023 / 11:44

Агата Мурашка

Аляксандра (імя змененае) распрацавала некалькі спосабаў, якія дапамогуць беларусам ліставацца з палітвязнямі часцей і не выгараць. Пра іх яна расказала «Нашай Ніве». 

Прычыны, па якіх беларусы пішуць мала лістоў, Аляксандра вызначае так: некаторым страшна рабіць гэта для незнаёмых людзей, не ведаюць, пра што напісаць, адчуваюць стомленасць ад ліставання, забываюцца стала гэта рабіць. 

Аляксандра прапаноўвае скласці спіс сэрвісаў, якія дапамогуць сканструяваць лісты і падкажуць тэмы для іх. 

«Напрыклад, канструктар лістоў на сайце Politzek.me, GPT-чат (але ён не працуе ў Беларусі), дадаць спасылкі на сайты з непалітычнымі навінамі, напрыклад, я карыстаюся тэлеграм-каналам «Бальзам», — кажа яна. 

Дзяўчына прапануе дасылаць не лісты, а паштоўкі. 

«Адпраўка лістоў абыходзіцца танней, але не ўсе могуць напісаць вялікі тэкст. Вялікая белая пустая папера палохае. 

Паштоўка каштуе даражэй, але на ёй нашмат менш змяшчаецца тэксту. Плюс паштоўкі ў тым, што на ёй ёсць выява.

Таксама варта адпраўляць размалёўкі. Быў неяк адказ ад аднаго палітвязня, у якім ён піша: «Дзякуючы маленькай размалёўцы на вашай паштоўцы на імгненне апынуўся ў казцы». Іх можна раздрукаваць і прыляпіць на вольнае месца ў паштоўцы. Такім чынам месца для страшнага тэксту стане яшчэ менш. 

Можна выкарыстоўваць налепкі, яны таксама памяншаюць прастору для тэксту, але нясуць візуальна пазітыўны вобраз», — расказвае дзяўчына. 

Аляксандра лічыць, што варта стварыць і выкарыстоўваць Telegram-бот для напаміну пра тое, што неабходна адправіць ліст.

Наступная прапанова — стварыць спіс адрасоў з паштовым скрынямі ў Беларусі, побач з якімі няма камер відэаназірання. 

«У паштовыя скрыні кідаюць лісты звычайныя людзі, і ў іх можа ўзнікнуць страх на гэтым этапе, таму такое дзеянне можа яго паменшыць», — тлумачыць яна.

Істотная праблема, што супрацоўнікі турмаў часта не аддаюць лісты некаторым палітвязням.

«Варта павялічыць колькасць лістоў, — лічыць Аляксандра. — Ідэя грунтуецца на ціску, пад якім аказваецца супрацоўнік турмы. З аднаго боку, ёсць загад ад начальства. З іншага боку, за месяц ідзе тысяча лістоў, якія трэба выкідваць. Калі лістоў будзе сапраўды тысячы, магчыма, супрацоўнік пачне разумець, што начальнік адзін, а ў палітвязняў падтрымка вялікая. Можа, ён і працягне выконваць загад, але ў яго можа ўключыцца крытычнае мысленне».

Для павелічэння колькасці лістоў неабходна мінімум 2000 чалавек па-за межамі краіны і такая ж колькасць у краіне, якія будуць гэтым стала займацца, як лічыць дзяўчына.

«Лічбу ўзяла з акругленнем ад агульнай колькасці палітвязняў на сёння. 

Трэба арганізаваць пары людзей: беларусы за межамі краіны пішуць тэкст, у краіне — купляюць паштоўку, перапісваюць тэкст ад рукі і адпраўляюць», — прапаноўвае яна. 

Гэта можа быць сэрвіс, падобны да посткросінгу, але зроблены на базе Telegram-бота. Дзяўчына ўдакладняе, што яго варта распрацаваць так, каб ён быў цалкам бяспечны для людзей у Беларусі. 

«Да праекта далучаюцца людзі, робат фармуе пары і кожнаму з бакоў дасылае імя палітвязня, якому трэба напісаць.

Людзі самі выбіраюць колькі лістоў, паштовак у месяц яны гатовыя адпраўляць. У ідэале ад адной пары лісты павінны ісці раз на тыдзень. Тады ад 2000 чалавек за месяц прыйдуць 8000 паштовак.

Плюс каманднай працы ў тым, што кожны з удзельнікаў будзе ведаць, што яго паштоўка не адзінкавая кропля ў высахлай лужыне. А кропля ў вялікім моры. Гэта таксама надае сілы і матывацыі.

Калі цэнзар лічыць тэкст ліста непрымальным, то трэба тады скласці спіс тэм, якія праходзяць цэнзуру (паглядзець, якія лісты яе ўжо праходзілі). Каб зрабіць гэта якасна, неабходна звязацца з былымі палітвязнямі і правесці з імі апытанне», — расказвае дзяўчына. 

Чытайце таксама: 

«Яе цікавяць літаральна ўсе падрабязнасці». Якія навіны даходзяць ад Марыны Золатавай

«Сядзеў з Бабарыкам, хварэў на каросту, схуднеў на 20 кілаграмаў». Былы палітвязень пра калонію і жыццё на волі

«Выглядала, нібы яе набылі ў краме». Былы палітвязень расказаў пра гульню-настолку, створаную Пальчысам, сустрэчы за кратамі з вядомымі людзьмі і турэмных катоў — прыемных і не вельмі

Стукацтва пачынаецца на волі. Пра стукачоў у СІЗА і калоніі піша Алег Груздзіловіч

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула