Грамадства44

«Сядзеў з Бабарыкам, хварэў на каросту, схуднеў на 20 кілаграмаў». Былы палітвязень пра калонію і жыццё на волі

«Ім прасцей спісаць чалавека, чым целагрэйку», — кажа 34-гадовы магілёвец Станіслаў Паўлінковіч пра наваполацкую калонію, дзе ўмовы ўтрымання асуджаных адны з самых жорсткіх. 

Станіслаў Паўлінковіч. Фота: архіў Станіслава Паўлінковіча

«Размовы з Бабарыкам не былі забароненыя, але пасля іх людзі траплялі ў ШІЗА»

Станіслала Паўлінковіча вызвалілі з наваполацкай калоніі восем месяцаў таму. За 150 дзён знаходжання ў вязніцы амаль 100 яго ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. Днямі былы палітвязень вымушаны быў з'ехаць з Беларусі, бо мог паўторна трапіць за краты. 

Разам з Паўлінковічам у атрадзе было 10 палітычных. Усяго ў калоніі, як ён мяркуе, сядзела пад 100 зняволеных з жоўтымі біркамі.

У адным атрадзе са Станіславам быў Віктар Бабарыка.

Магілёвец кажа, што палітык захоўваў добры настрой, да ўсіх звяртаўся на «вы» і заўважна схуднеў.

Харчаванне ў калоніі было кепскае, падкрэслівае былы палітвязень. Сам ён за час зняволення пахудзеў на 20 кілаграмаў.

Віктара Бабарыку арыштавалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 года, калі яны везлі ў ЦВК сабраныя подпісы. 6 ліпеня 2022 года Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калоніі. 26 красавіка 2023 года стала вядома, што ён шпіталізаваны. Цяпер месцазнаходжанне палітвязня невядомае. Суд над яго сынам пачаўся 22 мая. За кратамі без суда Эдуарда ўтрымліваюць амаль тры гады. Фота: БелТА

Па словах Станіслава Паўлінковіча, камунікаваць з Віктарам Бабарыкам трэба было дужа асцярожна.

«Размовы з палітыкам не былі забароненыя, але пасля іх людзі траплялі ў ШІЗА. Зразумела, што ў пратаколе пакарання пісалі іншую прычыну, але ўсе ведалі сапраўдную», — адзначае Станіслаў.

Былы палітвязень кажа, што яму было цікава размаўляць з Бабарыкам. 

«Ён мне імпанаваў як чалавек, але не як палітык», — заўважае суразмоўца.

Станіслаў кажа, што ўлетку 2022 года да Віктара Бабарыкі ўжо не даходзілі лісты нават ад родных.

Кожны месяц на Віктара Бабарыку складалі рапарты за надуманыя парушэнні і адпраўлялі ў ШІЗА.

Паводле Паўлінковіча, Віктара Бабарыку часта выклікаў цяпер ужо былы начальнік калоніі Андрэй Пальчык. Пасля гутарак з ім палітыка адпраўлялі ў штрафны ізалятар.

Станіслаў кажа, што ў калоніі для ўздзеяння на Бабарыку выкарыстоўвалі «казлоў» і «сук» (так між сабой зняволеныя называюць асуджаных, што супрацоўнічаюць з адміністрацыяй).

Па яго словах, са зняволенымі, а пагатоў з палітвязнямі адміністрацыя можа зрабіць што заўгодна.

«Там супрацоўнікі заяўляюць, што ім прасцей спісаць чалавека, чым целагрэйку. Могуць справакаваць любы канфлікт і пазней скажуць, што памёр сваёй смерцю», — лічыць былы палітвязень.

Андрэй Пальчык — былы начальнік наваполацкай калоніі. Паводле былых нявольнікаў, турэмшчык вылучаўся жорсткім абыходжаннем з палітвязнямі. Фота: minsknews.by

Апошні раз Станіслаў бачыў палітыка 27 жніўня 2022 года. Пасля гутаркі з ім яго адправілі да канца зняволення ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Фармальна пакаралі яго не за камунікаванне з палітыкам.

У адным адрадзе са Станіславам няволіліся іншыя асуджаныя з жоўтымі біркамі: Рыгор ДавыдаўАляксандр Целешман, Ягор ЛянкевічАндрэй ЗахарэвічЭдуард Жданко, Святаслаў ГерасімукІгар Гантавы.

«Зробім усё, каб на дзяржаўныя прадпрыемствы вас не бралі»

Станіслаў Паўлінковіч апынуўся на волі 24 кастрычніка 2022 года і да ад'езду з радзімы шукаў у родным горадзе працу.

Па яго словах, у міліцыі яму прама заявілі, што «такія, як ён, баласт, таму зробяць усё, каб на дзяржаўныя прадпрыемствы яго не бралі». Так яно і выйшла.

Служба занятасці накіроўвала яго на заводы, дзе патрабаваліся работнікі, але з ім не хацелі звязвацца.

Марным аказаўся зварот былога палітвязня ў гарвыканкам. Безвыніковай была спроба ўладкавацца на Магілёўскі металургічны завод. Там Станіслаў да зняволення адрабіў пяць гадоў.

«На прыватных прадпрыемствах нехта казаў у вочы, што такія, як я, у іх не працуюць, а нехта даводзіў тое намёкамі», — расказвае былы палітвязень.

Станіслаў кажа, што адкладзеных да арышту грошай хапіла на некалькі месяцаў, а калі яны скончыліся, то вырашыў зʼязджаць.

Асцерагаўся былы нявольнік, што міліцыя выкарыстае яго беспрацоўе як нагоду для арышту.

«Кожны дзень пражываў у нервовым стане, бо ведаў, што творыцца ў краіне. Дзясяткі людзей забіралі, таму штодня чакаў, што прыйдуць і па мяне, хоць паводзіў сябе вельмі абачліва. Нічога не пісаў у сацыяльных сетках. Пазбягаў гаварыць на правакацыйныя тэмы», — адзначае Станіслаў.

«Жоўтая бірка» палітвязня Станіслава Паўлінковіча. Фота: архіў Станіслава Паўлінковіча

З ізалятара выйшаў з каростай

Станіслава Паўлінковіча пасадзілі на 2 гады «хіміі» за рэзкае выказванне аб магілёўскай суддзі Аксане Ратнікавай, якая разглядала адміністрацыйную справу супраць яго ў 2020 годзе. Словы абвінавачванага яна палічыла абразай і паскардзілася начальству.

Адбываць пакаранне магілёўца адправілі на Міншчыну, у Крупкі.

Станіслаў кажа, што на «хіміі» яго дапытвалі па «справе Аўтуховіча» і «Вясны», і тое было ўспрынята ім, як «трывожны званок».

15 лютага 2022 года Паўлінковіча як сведку па крымінальнай справе «аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання» павезлі на допыт у Мінск супрацоўнікі КДБ. Яны забралі тэлефон і ўсе атрыманыя за час зняволення лісты.

«Я быў у адной з груп, якую прызналі экстрэмісцкай. Выпытвалі пра яе ўдзельнікаў, маё стаўленне да дзейнай улады і Лукашэнкі. З гэтага чата шмат людзей прайшло праз допыты. Ад мяне чэкісты нічога не даведаліся і перадалі мяне мінскай міліцыі», — згадвае Станіслаў.

У Партызанскім РАУС ён даведаўся, што супрацоўнікі КДБ загадалі яго пасадзіць.

У ізалятары на Акрэсціна магілёвец праседзеў 34 дні. Там падчапіў каросту — у камеры было поўна клапоў.

З каростаю завезлі ў Барысаў. У тамтэйшым ІЧУ Станіслаў адседзеў яшчэ 50 дзён, але ва ўмовах штрафнога ізалятара.

Станіслаў кажа, што ў Барысаве мінскі супрацоўнік КДБ схіляў яго стаць стукачом.

«Казаў, калі пагаджуся супрацоўнічаць, падпішу паперку, буду даносіць на людзей, якіх укажуць, то застануся на «хіміі», вызвалюся і буду спакойна жыць.

Пагражаў, што калі адмоўлюся, то з калоніі магу не выйсці: знікну або смяротна захварэю. Я адмовіўся супрацоўнічаць», — расказвае суразмоўца.

Больш за 80 дзён Паўлінковіч не меў сувязі з роднымі. Тыя не ведалі, дзе ён.

Супрацоўнікі ізалятара не казалі, які яго чакае лёс. Даймала прывезеная з мінскага ізалятара кароста. Ад яе пайшло раздражненне па ўсім целе. Лекаў не давалі.

У зняволенні Станіслава Паўлінковіча адзначылі як «схільнага да суіцыду і экстрэмісцкай дзейнасці». Фота: архіў Станіслава Паўлінковіча

Ад адчаю Станіслаў спрабаваў перарэзаць сабе вены.

«Гэта быў крок адчаю, а «ўскрыццё» аказалася «няўдалым», бо парэз нават не давялося зашываць. Пасля гэтага мне сталі даваць лекі. За гэты ўчынак мяне паставілі на прафулік як схільнага да суіцыду», — расказвае былы палітвязень.

«Падазраваных у дыверсіі на чыгунцы правяралі на паліграфе»

Станіслаў кажа, што самае цяжкое ў зняволенні — інфармацыйная ізаляцыя. Пра тое, што дзеецца ў Беларусі і за яе межамі, ён даведваўся ад новых зняволеных. 

У барысаўскім ізалятары магілёвец сядзеў у адной камеры з падазраванымі ў дыверсіі на чыгунцы.

«Тады шмат людзей пабралі. Іх правяралі на паліграфе. Нікога з тых, з кім я сядзеў, не выкрылі як дыверсантаў. Але іх фармальна трымалі ў няволі за падпіскі на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы і за непадпарадкаванне міліцыі», — кажа Станіслаў.

Па дробязях ён збіраў інфармацыю пра вайну ва Украіне.

«Для мяне яна не стала неспадзяванкай. Усё да гэтага ішло. Мяне ўразіла, што Украіна выстаяла», — адзначае суразмоўца.

Пасля таго, як Станіславу «хімію» замянілі адбываннем пакарання ў калоніі, яго этапавалі ў калонію ў Наваполацк.

На прамзоне ён рабіў у дрэваапрацоўчым цэху падсобнікам. 

Першы раз трапіў у штрафны ізалятар на 10 дзён за спробу пакарміць птушак. У яго знайшлі ў кішэні мякіш хлеба.

«Люблю птушак ды жывёл, — адзначае ён. — На прамзону забаронена нешта праносіць, акрамя сваёй лыжкі, цыгарэт і запалак».

Супрацоўнікі наваполацкай калоніі. Фота: svyatar-vyazney.by

«Пагражалі нізкім сацыяльным статусам»

Другі раз на 30 дзён у ШІЗА Станіслава кінулі за адмову працаваць у шкодных умовах. Яго змушалі акунаць дошкі ў вадкасць, якую ён называе атрутнай. Сродкаў абароны ад выпарэнняў не выдалі. Калі такая сумесь трапляла на цела, то былі апёкі. Яна выпальвала тканіну.

Па словах Станіслава, супрацоўнікі калоніі заяўлялі, што такая шкодная праца даецца пераважна палітычным.

У ПКТ Станіслаў аказаўся за тую ж адмову працаваць з той сумессю. Не стаў пісаць і тлумачэнне, чаму адмовіўся.

Адмова ад працы ў калоніі лічыцца злосным парушэннем правілаў унутранага распарадку, за што жорстка караюць.

«Мне пагражалі, што ў канцы тэрміну ў мяне будзе нізкі сацыяльны статус. Але гэтага не адбылося. У ПКТ я праседзеў 56 дзён», — адзначае Станіслаў.

Па вызваленні з калоніі Станіславу далі 12 рублёў на праезд.

У Польшчы працуе на паштовым складзе

Ён кажа, што сітуацыя ў краіне за час, пакуль сядзеў, дужа змянілася.

«Большасць людзей змірылася з тым, што адбываецца ў Беларусі. Людзі баяцца гаварыць пра палітыку. Я пераканаўся, што ніякіх змен у краіне найбліжэйшым часам не будзе. Самыя актыўныя зʼехалі ці сядзяць. Нейкія зрухі пачнуцца, калі Украіна пераможа ў вайне», — лічыць суразмоўца.

Станіслаў прызнаецца, што маральна яму цяжка было пакідаць Бацькаўшчыну, бо разумее, што вяртання можа чакаць доўга.

Выехаўшы з Беларусі, Станіслаў паўдзельнічаў у акцыі салідарнасці з палітвязнямі.

«Па такіх акцыя я ссумаваўся, — тлумачыць ён. — Я атрымаў задавальненне, што магу на іх надзець футболку з «Пагоняю», накінуць на плечы сцяг. Тут адчуў сябе вольным чалавекам».

Станіслаў засцерагае землякоў, асабліва тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах ці быў падпісаны на апазіцыйныя тэлеграм-каналы, ад вяртання на радзіму.

«Нават смерць сваякоў не нагода вяртацца, бо іх не ўдасца правесці ў апошні шлях, — настойвае магілёвец. — Замест развітання апыняцеся ў турэмнай камеры, і вам давядзецца дапамагаць. А ў няволі дужа цяжка без падтрымкі. Вяртацца на радзіму трэба толькі дзеля яе вызвалення».

Станіслаў Паўлінковіч уладкаваўся на паштовы склад фармавання пасылак. Ён збіраецца прасіць статус палітуцекача.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Ціханоўская не выключае, што папросіць дапамогі асабіста ў Зяленскага ў ваенным вызваленні Беларусі

«Клеілі літару Z, а пасля яе аддзіралі». Былы вязень шклоўскай калоніі расказвае, як няўдачы расіян на фронце змянялі настроі сілавікоў

У апошнім слове Алесь Бяляцкі заклікаў да дыялогу дзеля нацыянальнага прымірэння

Прастытутка, губазікавец і акцёр без «Оскара». Што стала з удзельнікамі правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага

Каментары4

  • Freddy
    22.06.2023
    Удачи вам на воле и скорейшего обустройства в эмиграции. Будет нелегко поначалу а потом все хорошо.  
  • Пмгавкп
    23.06.2023
    Старадаўняй літоўскай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць!
  • Алесь
    23.06.2023
    Горкія, але праўдзівыя словы. Вельмі мужны чалавек, які не прыніжаяся, вытрымаў незаконнае зняволенне. Дзе катаванні нават умовамі ўтрымання. І дзесяткі тысячаў, калі не сотні тысячаў, беларусаў праганяюцца праз гэтае сапраўднае пекла за кратамі. І тысячы ўжо атрымалі прысуды. І рэпрэсіі ўзмацняюцца.
    Бедная, гаротная Беларусь...
    Няхай Станіславу пашчасціць у жыцці.

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы16

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі11

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →