У Расіі ВНУ рэкамендавалі налічваць па 10 дадатковых балаў удзельнікам вайны ва Украіне
Міністэрства адукацыі і навукі Расіі рэкамендавала ВНУ налічваць па 10 дадатковых балаў удзельнікам вайны ва Украіне. Пра гэта гаворыцца ў метадычных рэкамендацыях па прыёме на навучанне па праграмах бакалаўрыяту і на спецыяліста, як паведамляе тэлеканал «Дождь».
Разбурэнні ў Харкаве ў выніку расійскіх абстрэлаў. Фота: AP
Да «індывідуальных дасягненняў», за якія налічваюцца дадатковыя балы пры паступленні, адносяцца вайсковая служба па прызыве і па кантракце, вайсковая служба па мабілізацыі, а таксама ўдзел у добраахвотніцкіх атрадах, якія выконвалі задачы ў ходзе вайны ва Украіне.
У мінулым годзе Мінадукацыі і навукі дало дзецям удзельнікаў вайны права паступаць у ВНУ па спецыяльнай квоце ў 10% ад агульнай колькасці месцаў для абітурыентаў праграм бакалаўрыяту і на спецыяліста.
У студзені 2023 года расійскае Міністэрства прапанавала распаўсюдзіць ільготнае паступленне ў ВНУ на дзяцей мабілізаваных і добраахвотнікаў.