БЕЛ Ł РУС

«Загадваў легчы на зямлю тварам уніз і піць ваду з лужыны». У Кіеве беларускі добраахвотнік атрымаў умоўны тэрмін

30.06.2023 / 14:03

Nashaniva.com

Ён збіраецца вярнуцца на фронт.

Юрый Белавусаў (справа) з пабрацімам

Суд прызнаў Юрыя Белавусава вінаватым у катаванні чалавека і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на 3 гады. Па яшчэ двух абвінавачаннях суд закрыў справы, як піша «Радыё Свабода».

Грамадзянін Беларусі Юры Белавусаў са жніўня 2022 году служыў па кантракце ва Узброеных сілах Украіны і ўдзельнічаў у баях за вызваленне ад расейцаў паўднёвых тэрыторый краіны, але яго затрымалі праз абвінавачанне ў выкраданні чалавека, яго катаванні і пагрозе забойствам. Ён прызнаў сваю віну і пайшоў на пагадненне са следствам.

Суд прызнаў яго вінаватым у катаванні (ч. 2 арт. 127 Крымінальнага кодэкса Украіны) і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на тры гады.

Па іншых абвінавачаннях — незаконнае пазбаўленне волі і выкраданне чалавека (ч. 2 арт. 146 Крымінальнага кодэкса Украіны) і пагроза забойствам (ч. 1 арт. 129) — суд вызваліў ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з завяршэннем тэрмінаў даўнасці злачынства і закрыў справы.

Суд пастанавіў, што ў перыяд выпрабавальнага тэрміну нагляд за Юрыем Белавусавым будзе ажыццяўляць камандзір вайсковай часткі, у якой ён служыць, а ў выпадку спынення службы — упаўнаважаны орган у пытаннях прабацыі.

Суд абавязаў грамадзяніна Беларусі кампенсаваць кошт усіх экспертыз, якія праводзіліся ў справе, у памеры 21 574 грыўняў (каля 600 даляраў ЗША ў эквіваленце. — РС).

Сваё рашэнне суд абгрунтаваў тым, што Юры Белавусаў пайшоў на дамову аб прызнанні сваёй віны: без агаворак прызнаў сябе вінаватым па ўсіх трох артыкулах пры абставінах, выкладзеных у абвінаваўчым акце, пагадзіўся з правільнасцю кваліфікацыі ягоных дзеянняў, «шчыра раскаяўся і папрасіў прабачэння ў пацярпелага».

«Прычыну ўчынення гэтых крымінальных правапарушэнняў ён патлумачыў «інстынктам статку», жаданнем стаць «часткай чагосьці важнага», уплывам кампаніі. Ён адзначыў, што прадметам, падобным да пісталета, якім ён у той дзень пагражаў пацярпеламу, быў стартавы пісталет», — адзначаецца ў рашэнні суда.

Юры Белавусаў таксама патлумачыў, што на пачатку судовага разгляду не прызнаваў сваёй віны, «бо не ведаў, як трэба, не разумеў».

Пацярпелы пагадзіўся з такім выракам суда і зняў свае прэтэнзіі. Ён паведаміў у судзе, што Юры Белавусаў ужо выплаціў яму 90 тысяч грыўняў кампенсацыі і паабяцаў яшчэ 10 тысяч грыўняў. Агулам — 100 тысяч грыўняў (крыху менш за 3000 даляраў у эквіваленце. — РС).

Што папярэднічала

Беларуса затрымалі 18 кастрычніка 2022 года. Падставай стала тое, што ён не зʼяўляўся на пасяджэнні суда. На судовым пасяджэнні адвакат Юрыя Белавусава заявіў, што той не мог самавольна пакінуць тэрыторыю вайсковай часткі, каб прыехаць на судовы разгляд справы. Але суд не ўлічыў гэтых абставін.

Яшчэ адзін фігурант гэтай справы — Юры Іёнаў, баец батальёна «Азоў» 2014 года. Але ён загінуў у 2022 годзе пры абароне Марыупаля. У розны час Юры Іёнаў быў актывістам шэрагу грамадскіх арганізацый, якія стварыў яшчэ адзін вядомы азовец, Сяргей Кароткіх, які да атрымання ўкраінскага пашпарта быў грамадзянінам Беларусі.

Следчыя высветлілі, што ў снежні 2017 года Юры Белавусаў і Юры Іёнаў ехалі на аўтамабілі BMW па Кіеве і, праязджаючы па адной з цэнтральных вуліц, выехалі на пешаходную зону. Адзін з мінакоў зрабіў ім заўвагу. У адказ яны запхалі таго ў аўтамабіль на задняе сядзенне.

Як удакладніў на адным з судовых пасяджэнняў пракурор, Юры Белавусаў пагражаў пацярпеламу прадметам, падобным да пісталета, загадваў таму «легчы на зямлю тварам уніз і піць ваду з лужыны», а гэтыя дзеянні суправаджаў «біццём і іншымі гвалтоўнымі дзеяннямі».

Першапачаткова Юрыя Белавусава затрымалі 28 мая 2020 года. Ён знаходзіўся пад вартай да 8 верасня 2020 года — да таго моманту, калі суд змяніў меру папярэдняга стрымання на альтэрнатыўную, унясенне грашовага закладу ў памеры 42 040 грыўняў (на той момант каля 1,5 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС).

Ад жніўня 2022-га Юры Белавусаў служыў стралком у адной з вайсковых частак Узброеных сіл Украіны. Ягоныя камандзіры звярталіся ў суд з хадайніцтвам аб узяцці беларуса на парукі, але суд у гэтым адмовіў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула