БЕЛ Ł РУС

Улады рапартуюць пра рост ВУП, але супастаўленне статыстыкі паказвае, што ў рэальнасці працягваецца «страчанае дзесяцігоддзе»

26.07.2023 / 9:34

Даніла Луцкевіч

Згодна з афіцыйнымі данымі, за першыя 6 месяцаў бягучага года ВУП вырас на 2%. Паглядзелі, што гэта ў параўнанні з паказчыкамі мінулых гадоў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Цяпер мы маем справу з аднаўленчым ростам ВУП пасля падзення яго летась, эканоміка паступова пачынае адаптавацца да новых умоў. Але, каб дасягнуць узроўню даваеннага 2021 года, ВУП Беларусі па выніках года мусіць вырасці на 4,7%, бо роўна на столькі летась, паводле афіцыйных даных, скараціўся беларускі ВУП, хаця ўрад разлічваў на яго рост за год на 2,9%.

Такім чынам, летась выйшла так, што розніца паміж запланаванымі і рэальнымі паказчыкамі склала 7,6%. Сёлета, згодна з планам сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год, ВУП павінен вырасці на 3,8%. На такія паказчыкі разлічваюць ва ўрадзе. То-бок нават па прагнозах саміх уладаў ВУП Беларусі не дасягне паказчыкаў даваеннага 2021 года.

Як змяняўся ВУП за апошнія 10 гадоў?

Па выніках 2012 года ВУП Беларусі вырас на 1,5%, у 2013 — на 0,9%, а ў 2014 — яшчэ на 1,6%. Па выніках 2015 года ВУП Беларусі скараціўся адразу на 3,9%. У 2016 годзе тэндэнцыя захавалася: ВУП скараціўся яшчэ на 2,6% нават у параўнанні з абвальным 2015 годам. Два гады падзення беларускай эканомікі адбыліся пасля таго, як Расія анексавала Крым. Бліжэй да канца 2014 года пачаў прасядаць курс расійскага рубля. Тэндэнцыя на аслабленне расійскай валюты захавалася таксама ў 2015 і 2016 гадах. Двухразовае аслабленне расійскага рубля адносна даляра ЗША не магло не адбіцца на Беларусі, бо Расія была нашым галоўным эканамічным партнёрам.

Паралельна з расійскай, пасля анексіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе, у тыя гады моцна цярпела і ўкраінская эканоміка. Украіна ў сваю чаргу таксама ўваходзіла ў топ эканамічных партнёраў Беларусі.

Калі глядзець на паказчыкі ВУП у даляравым вымярэнні, то асабліва выяўна бачна, што мінулыя восем гадоў беларуская эканоміка тапталася на месцы. 2014 год застаецца самым паспяховым у гісторыі беларускай эканомікі, калі ВУП складаў 78,81 мільярда даляраў.

Графік ВУП Беларусі ў даляравым вымярэнні за апошнія 10 гадоў. Графік: скрыншот з сайта tradingeconomics.com

У даляравым эквіваленце за два гады рэцэсіі (2015—2016) беларуская эканоміка страціла 28,6 млрд даляраў, або 37,8%.

Максімальна наблізіцца да паказчыкаў 2014 года ўдалося толькі ў 2022 годзе, калі ВУП Беларусі па выніках года ў даляравым эквіваленце раўняўся 72,79 млрд. І гэта пры тым, што сам даляр за гэты час абясцэніўся ў выніку інфляцыі — якая была асабліва высокая ў посткавідны перыяд.

Падзенне курса рубля, якое паскорылася летам, дае падставы думаць, што гадавы паказчык ВУП у даляравым выражэнні наўрад ці дасягне нават узроўню 2022 года. Гэта значыць, што «страчанае дзесяцігоддзе працягваецца». 

Чытайце таксама: 

Стала вядома, колькі каштуе транзіт беларускіх грузаў праз Расію

Венгры пайшлі насустрач Янчэўскаму і пагадзіліся стварыць пракладку для кампаній ПВТ — крыніцы

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула