Брыгада «Азоў» вярнулася на фронт
І ўжо выконвае баявыя заданні.
Байцы «Азова» ў падвалах «Азоўсталі». Май 2022 года. Фота: Дзмітрый Казацкі, AP
Легендарная брыгада «Азоў» аднавілася і ўжо выконвае баявыя задачы. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Нацгвардыі палкоўнік Мікалай Уршаловіч, паведамляе РБК-Украіна.
«Легендарная брыгада спецыяльнага прызначэння «Азоў» аднавілася і пачала выкананне баявых задач у раёне Серабранскага лясніцтва», — заявіў ён.
Воіны «Азова» надзейна ўтрымліваюць займаныя рубяжы і наносяць суперніку зруйнавальныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, дадаў Уршаловіч.
«Азоў» бараніў Марыупаль вясной 2022 года. У сярэдзіне мая 2022 года байцы пакінулі апошні рубеж абароны — завод «Азоўсталь» — і былі ўзятыя ў палон. Камандзіраў пры абмене ваеннапалоннымі адправілі ў Турцыю.
У ліпені азоўцы вярнуліся ва Украіну. Камандзір «Азова» Дзяніс Пракапенка тады заявіў, што зноў адправіцца на фронт.
Чытайце таксама:
«Мы абавязкова яшчэ скажам сваё слова ў баі» — камандзір «Азова» Пракапенка
Як насамрэч мянялі Медзведчука і камандзіраў «Азова». Невядомыя падрабязнасці