У ФРГ выставілі абвінавачванні экс-ахоўніку канцлагера. Цяпер яму 98 год
Пракуратура нямецкага горада Гісен выставіла абвінавачванні супраць 98-гадовага мужчыны, які ў падлеткавым узросце служыў у падраздзяленні СС, што ахоўвала канцэнтрацыйны лагер Заксенхаўзен, паведамляе агенцтва dpa ў пятніцу, 1 верасня. Мужчыну ставяць у віну дапамагу ў «жудасных і подлых» забойствах больш чым у 3300 выпадках з ліпеня 1943 года да лютага 1945 года, піша DW.
Музей-мемарыял Заксенхаўзен. Фота: Greg Schechter from San Francisco, USA. Sachsenhausen_2, CC BY 2.0 / commons.wikimedia.org
Падчас службы ў канцлагеры абвінавачваны быў падлеткам, таму ў дачыненні да яго дзейнічаюць нормы ювенальнага крымінальнага права. Як растлумачылі ў пракуратуры, цяпер абгрунтаванасць выстаўленага абвінавачання ацэньвае палата ў крымінальных справах непаўналетніх зямельнага суда ў горадзе Ханау, паколькі справы непаўналетніх павінны разглядаць суды па месцы іх жыхарства.
Па выніках псіхіятрычнай экспертызы, праведзенай у кастрычніку мінулага года, мужчына па меншай меры «абмежавана дзеяздольны», піша dpa.
Канцлагер Заксенхаўзен быў пабудаваны ў 1936 годзе ў горадзе Араніенбург на поўнач ад Берліна. Праз яго прайшло больш за 200 тысяч чалавек, прычым больш за 100 тысяч зняволеных былі забітыя.
У красавіку 1945 года Заксенхаўзен быў вызвалены савецкай арміяй. Пасля вайны Заксенхаўзен перайшоў пад кантроль СССР, быў пераўтвораны ў асаблівы лагер НКДБ №7 і са жніўня 1945-га па сакавік 1950 года выкарыстоўваўся ў якасці турмы для палітвязняў.
За пяць пасляваенных гадоў у спецлагеры №7 утрымлівалася агулам 60 тысяч зняволеных, блізу 12 тысяч з іх памерлі.
Чытайце таксама:
Памёр найстарэйшы з асуджаных нацыстаў — 102-гадовы Ёзэф Шутц
У Латвіі плакат «Рускі акупант — найлепшае ўгнаенне» не прызналі мовай нянавісці