Як вавёрка ў коле праз Атлантыку: у ЗША зноў арыштавалі чалавека, які спрабаваў перасекчы акіян у «паветранай бурбалцы»
Берагавая ахова ЗША арыштавала жыхара Фларыды, які «адправіўся ў Лондан» праз Атлантычны акіян на самаробным колавым судне, піша Бі-бі-сі.
Фота: Flaglet county sheriff's office
Рэза Балучы паспрабаваў пераадолець Атлантыку на невялікім апараце, які рухаўся за кошт колавага прываду па прынцыпе «вавёркі ў коле». У ролі вавёркі выступаў сам Балучы.
Супрацоўнікі берагавой аховы спынілі гераічны прабег прыкладна за 110 км ад вострава Тайбі ў штаце Джорджыя 26 жніўня.
Аднак 44-гадовы рэкардсмен некалькі дзён адмаўляўся пакідаць судна і нават пагражаў скончыць жыццё самагубствам у выпадку спробы дастаць яго адтуль прымусова.
Для гэтага ў яго ў багажы быў 30-сантыметровы нож. Акрамя таго, ён пагражаў сваім ратавальнікам нібыта схаванай на борце бомбай.
Праз тры дні Балучы свой плавальны апарат усё ж такі пакінуў, а бомба была фальшывай. Яго даставілі на базу берагавой аховы ў Маямі.
Гэта далёка не першая спроба Балучы перасекчы акіян такім чынам: папярэднія тры скончыліся аналагічна, а менавіта — у руках марскіх памежнікаў.
«Зыходзячы са стану судна, якое плавала дзякуючы прымацаваным да яго буям, афіцэры берагавой аховы ЗША вызначылі, што Балучы здзяйсняў відавочна небяспечны рэйс», — гаворыцца ў заяве сілавых органаў.
Балучы адправіўся ў сваё падарожжа якраз у момант, калі Фларыда рыхтавалася да прыходу моцнага ўрагану.
Цяпер яму выстаўленыя федэральныя абвінавачванні у тым, што ён адмаўляўся даць памежнікам доступ да свайго «судна» і парушыў загад капітана порта.
Гэта не толькі не першае падарожжа Балучы ў «бурбалцы», як ён сам называе свой транспарт, але і не першы арышт.
У 2021 годзе ён быў арыштаваны пасля таго, як яго выратавалі пры спробе дабрацца тым жа спосабам з Фларыды ў Нью-Ёрк: яго «карабель» аказаўся больш чым за 40 км на поўдзень ад пункта адпраўлення, відавочна, збіўшыся з курсу.
У 2014 годзе яго прыйшлося ратаваць з аналагічнай штуковіны каля Сэнт-Агасціна, а затым, праз два гады, яго зноў прыйшлося ратаваць непадалёк ад Палм-Біч у Фларыдзе.
У папярэдніх інтэрв'ю Балучы казаў, што спрабаваў сабраць грошы для розных мэтаў, у тым ліку для бяздомных і берагавой аховы, якая пастаянна ратуе яго.
«Мая мэта — не толькі сабраць грошы для бяздомных, але і для берагавой аховы, сабраць грошы для паліцэйскага кіравання, сабраць грошы для пажарнай службы», — сказаў ён у Арланда ў 2021 годзе.
«Яны знаходзяцца на дзяржаўнай службе, робяць гэта дзеля бяспекі і дапамагаюць іншым людзям», — дадаў ён.
Пасля арышту 2021 года ён таксама сказаў у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News, што яго мэты насілі і больш узнёслы характар: «Я пакажу людзям, што яны павінны рабіць усё, што ім хочацца. Не трэба нікога слухаць: ажыццяўляйце сваю мару!»
Чытайце таксама:
У Ціхім акіяне акулы патапілі катамаран расійскай даследчай экспедыцыі