БЕЛ Ł РУС

Зяленскі ў Вашынгтоне: Ідэя аддаць украінскія тэрыторыі Расіі — бязглуздзіца

13.12.2023 / 08:09

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны сустрэўся ў сталіцы ЗША з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, яны правялі сумесную прэс-канферэнцыю.

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Фота: Evan Vucci / AP

Уладзімір Зяленскі зноў адмёў ідэю аб міры з Расіяй коштам саступкі захопленых ёю тэрыторый, паведамляе Бі-бі-сі.

«Як можа Украіна аддаць свае тэрыторыі? Гэта проста бязглуздзіца і глупства. Гаворка ідзе пра тое, што там — нашы ўкраінцы, нашы дзеці, сем'і, там неад'емная частка нашага грамадства. Там нашы людзі становяцца ахвярамі катаванняў, згвалтаванняў, іх забіваюць», — сказаў Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі.

Ён сказаў, што яму «цяжка зразумець, ідэя якіх палітычных гульцоў і сіл заключаецца ў тым, каб прапанаваць Украіне адмовіцца ад сваіх тэрыторый і людзей, ад іх гісторый і памяці».

Здагадку, што Украіне ўрэшце прыйдзецца пагадзіцца са стратай часткі тэрыторый і з гэтай пазіцыі ўступіць у мірныя перамовы, абмяркоўваюць у асноўным прэса і палітаглядальнікі.

Афіцыйны Кіеў нязменна адхіляе гэтую ідэю, а палітыкі з краін-саюзніц на адпаведнае пытанне, як правіла, адказваюць, што рашэнне ў любым выпадку будзе за Украінай, а яны яе ні да чаго такога не падштурхоўваюць.

Джо Байдэн падкрэсліў, штоі «народ Украіны кінуў Пуціну выклік, і кіраўнік Расіі пацярпеў няўдачу».

«Мы не адвернемся ад вашай краіны і ад вашага народа. Большасць людзей у Кангрэсе і ў самой краіне, як і я, разумеюць, што поспех Украіны жыццёва важны для бяспекі ўсяго свету», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Адносна спрэчак у Кангрэсе аб асігнаваннях на дапамогу Украіне (а таксама Ізраілю і Тайваню і на ўмацаванне мяжы з Мексікай) Байдэн сказаў, што дэмакратыя — гэта мастацтва кампрамісаў, але ён ужо прапанаваў кангрэсменам-рэспубліканцам кампраміс.

Уладзімір Зяленскі асабліва падкрэсліў, што для перамогі ў вайне Украіне трэба кантраляваць паветра. Ён асабліва адзначыў амерыканскую сістэму СПА Patriot, якой Расія, з ягоных слоў, нічога не можа супрацьпаставіць.

«Мы хочам выйграць вайну ў паветры, скончыць з расейскім панаваннем у небе, таму што той, хто кантралюе неба, дыктуе і працягласць вайны», — падкрэсліў ён.

«Дзякуючы таму, што Украіна трымае абарону, іншым еўрапейскім народам не пагражае расейская агрэсія, — сказаў прэзідэнт Украіны. — Мы даказалі, што наша адвага і наша партнёрства мацнейшае за любыя варожыя дзеянні Расіі».

Чытайце таксама:

Зяленскі назваў колькасць сухапутных войскаў Украіны

Зяленскі ўпершыню з візітам у Лацінскай Амерыцы

Украіна і Лукашэнка дамовіліся па Палку Каліноўскага? Гіпотэза Шрайбмана

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула