Украінскі «збожжавы калідор» у Чорным моры выйшаў на даваенныя паказчыкі
Украінскі «збожжавы калідор» у Чорным моры выйшаў на даваенныя магутнасці, распавёў спікер ВМС УСУ Дзмітрый Пляцянчук у эфіры тэлемарафона.
Фота: Andrii Medvediuk / vecteezy.com
«Мы ўжо перасеклі мяжу ў 500 суднаў і больш за 10 млн тон грузаў», — сказаў Пляцянчук.
Паводле яго, пераважная большасць грузаў — гэта збожжа для так званага Глабальнага Поўдня.
Раней міністр інфраструктуры Аляксандр Кубракоў пісаў, што ўкраінскі калідор толькі за апошнія пяць месяцаў даў экспарт амаль 15 млн тон. За гэты час у парты Украіны зайшлі 469 новых судоў.
Гэтую прапускную здольнасць калідора фактычна забяспечвалі ВМС, ВПС і СБУ, якія метадычна знішчалі і таранілі расейскія караблі.
17 ліпеня 2023 года Расея абвясціла аб выхадзе са «збожжавага пагаднення».
Ужо 19 ліпеня расейскія войскі атакавалі партовую інфраструктуру Адэсы і вобласці, патрапіўшы ў збожжавы і нафтавы тэрміналы. Пасля гэтага Расея пачала сістэматычна абстрэльваць збожжавую інфраструктуру Украіны. 10 жніўня Украіна абвясціла аб часовых марскіх калідорах для гандлёвых суднаў, а затым пачала атакаваць расейскія караблі.
Украіна правяла шэраг паспяховых нападаў марскімі дронамі ВМС: знішчыла 15 караблёў Чарнаморскага флоту і яшчэ 12 пашкодзіла, ударыла па штабу Чарнаморскага флоту ў Севастопалі і ў рэшце рэшт прымусіла Расею выводзіць свой флот.