Караблі Чарнаморскага флоту Расіі адступілі з Севастопаля ў Новарасійск і Феадосію
Па даных заходніх чыноўнікаў і спадарожнікавых здымкаў, правераных экспертамі, не менш за 10 караблёў Чарнаморскага флоту Расіі перабазаваліся ў Новарасійск, а іншыя былі перакінутыя ў Феадосію на паўднёвым беразе Крыма. Гэта вялікі поспех Украіны.
Як піша The Wall Street Journal, Расія вывела большую частку свайго Чарнаморскага флота са сваёй галоўнай базы ў акупаваным Крыме. Гэта адбылося пасля серый удараў Украіны, нанесеных у апошнія тыдні, у выніку якіх былі сур'ёзна пашкоджаныя расійскія судны і сам штаб флоту.
Камандуючы паветранымі сіламі Украіны пацвердзіў, што расійскія караблі ў Крыме былі падбітыя заходнімі ракетамі Storm Shadow.
Вывад войскаў зʼяўляецца своечасовым стымулам для Украіны, бо яе контрнаступленне прасоўваецца павольней, чым планавалася, на фоне цяжкіх страт і палітычнага рознагалосся ў ЗША па пытанні аб фінансаванні намаганняў Кіева па выгнанні расійскіх акупацыйных сіл.
Выданне цытуе дзяржаўнага міністра узброеных сіл Вялікабрытаніі Джэймса Хіпі (James Heappey), які на канферэнцыі па бяспецы ў Варшаве на гэтым тыдні назваў разгрупаванне караблёў «функцыянальнай паразай Чарнаморскага флоту».
Спадарожнікавыя здымкі, датаваныя 1 кастрычніка і прадстаўленыя Planet Labs, паказалі, што асноўная частка вайсковых караблёў была перакінутая ў Новарасійск, у тым ліку тры дызельныя падводныя лодкі, пяць дэсантных караблёў і некалькі малых ракетных караблёў.
Як заявіў выданню старшы аналітык Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій у Маскве Міхаіл Барабанаў, іншыя судны, у тым ліку вялікі дэсантны карабель, шэраг малых ракетных караблёў і новыя тральшчыкі, былі перакінутыя ў порт Феадосія, размешчаны далей на ўсход уздоўж Крымскага паўвострава.
Аднак і з новых пазіцый караблі па-ранейшаму змогуць страляць крылатымі ракетамі па Украіне.
Пры новым раскладзе адлегласць ад лініі судакранання ў Херсонскай вобласці і з боку Адэсы складзе 400 да Феадосіі і 580 км да Новарасійска, што перавышае баявую дальнасць крылатых ракет Storm Shadow і SCALP.
Хоць гэты крок можа ўяўляць сабой толькі часовую меру для абароны ад далейшых удараў Украіны, лагістычны галаўны боль, звязаны з перамяшчэннем некаторых з самых цяжкіх расійскіх караблёў, падкрэслівае пагрозу ўдарнага патэнцыялу Кіева.
Ёрук Ісік (Yoruk Isik), ваенна-марскі эксперт і кіраўнік кансалтынгавай фірмы Bosphorus Observer, заявіў, што на спадарожнікавых здымках бачныя сеткі і баржы, устаноўленыя ля ўвахода на верф у Феадосіі, што ілюструе занепакоенасць Расіі з нагоды далейшых нападаў Украіны на гэты абʼект.
Наталля Гумянюк, начальніца прэс-цэнтра Паўднёвага вайсковага камандавання Украіны, заявіла, што Украіна адсунула лінію фронту ў Чорным моры як мінімум на 100 марскіх міль (185 км) ад сваёй берагавой лініі. Цяпер расійскія караблі і катары Чарнаморскага флоту не заходзяць далей мыса Тарханкут на заходнім ускрайку Крымскага паўвострава.
Як паведамляе «Радыё Маяк», прадстаўнік прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў адмовіўся каментаваць паведамленні аб пераводзе Чарнаморскага флоту Расіі з Севастопаля ў Новарасійск і стварэнні марской базы ў Абхазіі.
«Не, я ніяк не магу гэта каментаваць. Натуральна, пытанні, звязаныя з дыслакацыяй нашых падраздзяленняў, нашых караблёў, нашых часцей, гэта <…> кампетэнцыя Міністэрства абароны», — сказаў Пяскоў.
Эксперты заўважаюць, што дзякуючы гэтым поспехам Украіна ўжо прарвала блакаду ўкраінскіх партоў, пазбавіўшы Чарнаморскі флот Расіі доступу да заходняй часткі Чорнага мора і адкрыўшы для Украіны новы калідор для экспарту ўкраінскіх тавараў, найперш збожжа.
Першае судна, якое выйшла па гэтым калідоры, адплыло ў жніўні, пры гэтым у апошнія дні колькасць суднаў, якія заходзяць на суднаходны шлях і пакідаюць яго, расце з нарастаючай хуткасцю. Па даных ВМС Украіны, на гэтым тыдні яшчэ 12 караблёў чакалі ўваходу ў калідор.
Чытайце яшчэ:
На мысе Фіялент у акупаваным Севастопалі прагучалі выбухі, там вайсковая часць
Каментары