Польшча павялічыць кошт сваіх візаў
3.02.2024 / 0:4
МЗС Польшчы прыняў рашэнне павялічыць кошт сваіх візаў. Гэтая мера стане адказам на леташні візавы скандал. Пра гэта міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі расказаў у інтэрв'ю выданню Gazeta Wyborcza.
«Я ўжо вырашыў падняць цэны на візы, таму што аказалася, што нашы візы былі аднымі з самых танных у ЕС. Таму нядзіўна, што ахвотныя ў Афрыцы ці Азіі ішлі ў польскае консульства, у нас проста было танней», — патлумачыў рашэнне Сікорскі.
Праўда, ён не ўдакладніў, закране павышэнне візаў усе краіны ці толькі тыя, консульствы якіх былі замяшаныя ў скандале.
У 2023 годзе стала вядома, што польскія консульствы выдавалі візы па карупцыйных схемах, а многія мігранты, якія прыбылі ў Польшчу нібыта для працы, на самай справе маглі выехаць у іншыя краіны ЕС.
Нядаўна па гэтай справе выставілі абвінавачванні былому намесніку міністра замежных спраў Польшчы Пятру Ваўжыку. Тады паведамлялася, што парушэнні ўстаноўленыя ў польскіх дыпламатычных місіях у Ганконгу, на Тайвані, у ААЭ, Індыі, Саудаўскай Аравіі, Сінгапуры, на Філіпінах і ў Катары.
Чытайце таксама:
У 2023 годзе у Польшчы не далі часовага ДНЖ амаль 14% заяўнікаў з Беларусі
Мяняюцца правілы выдачы віз для беларусаў з картамі паляка
«Не апраўдала надзей». Палякі патлумачылі, чаму прыпынілі візавую праграму Poland. Business Harbour