Экс-кіраўнік расійскага Генштаба заявіў пра правал ва Украіне расійскай артылерыі, танкаў і авіяцыі
7.02.2024 / 19:36
Рэкордная ў гісторыі Расіі дзяржпраграма ўзбраенняў, якая каштавала бюджэту краіны 20 трыльёнаў рублёў за 10 гадоў, аказалася не ў стане ліквідаваць адставанне расійскай зброі ад заходняй. Вайна ва Украіне выявіла праблемы ключавых відаў узбраенняў расійскай арміі — артылерыі, ракетных сістэм, танкаў і авіяцыі, заявіў былы начальнік Генштаба РФ Юрый Балуеўскі, якога цытуе часопіс «Армейский стандарт».
Юрый Балуеўскі. Фота: Агенцтва «Москва»
Па словах Балуеўскага, расійскія артылерыя і ракетныя комплексы «значна» саступаюць заходнім, з-за чаго ў найбліжэйшыя гады патрабуецца іх «прыярытэтная і кардынальная мадэрнізацыя».
Пры гэтым артылерыя «вярнулася на п'едэстал бога вайны», падкрэслівае Балуеўскі: «Ледзь не вызначальным фактарам бою і аперацыі становіцца колькасць выпушчаных снарадаў».
Праблемы, працягвае Балуеўскі, таксама выклікала выкарыстанне на вайне танкаў: яны аказаліся «лёгка выяўлянай і лёгка паражальнай цэллю».
Акрамя таго, была фактычна абясцэненая перавага Расіі ў паветры, паколькі задача падаўлення СПА праціўніка «аказалася невырашальнай». У выніку сталі немагчымымі замацаваныя формы прымянення баявой авіяцыі — паветраная наступальная аперацыя ці масіраваныя авіяцыйныя ўдары, адзначае генерал.
У цэлым жа, развязаная Расіяй вайна ва Украіне, на думку Балуеўскага, паказала неабгрунтаванасць прагнозаў развіцця вайсковай справы і запатрабавала пераацэнкі ролі і месца розных відаў зброі.
Ён лічыць, што многія падручнікі тактыкі, па якіх вучыліся расійскія генералы, давядзецца «спісваць у архіў».
Чытайце таксама:
У Крамля праз шэсць месяцаў могуць скончыцца баявыя машыны — Forbes
У барацьбе за ініцыятыву ў вайне Залужны робіць стаўку на беспілотнікі
Украіна ўжо сёння можа атрымаць ад ЗША высокадакладныя кіраваныя бомбы GLSDB — Politico