За падпал старажытнай царквы ў Рагачоўскім раёне распачата крымінальная справа
Рагачоўскім РАУС 12 студзеня распачата крымінальная справа паводле факта падпалу царквы ў вёсцы Стары Крыўск.
Як паведамілі ў прэс‑службе УУС Гомельскага аблвыканкама, пажарна‑тэхнічная экспертыза пацвердзіла версію аб падпале храма. Пра затрыманых па падазрэнні ва ўчыненні злачынства пакуль інфармацыі няма.
Нагадаем, раніцай 5 студзеня згарэла царква святога Мікалая Цудатворцы ў Старым Крыўску, паводле розных крыніцаў — 1815 або 1852 года пабудовы. Пажар пачаўся з узгарання дашчанай веранды царквы з бакавога і тыльнага бакоў. Па тэлефанаванні, якое паступіла ад мясцовага жыхара раніцай 5 студзеня, на месца здарэння выехалі восем аўтацыстэрнаў. Пры тушэнні пажару ўзніклі праблемы з дастаўкай вады: паколькі мясцовыя крыніцы непрыдатныя для запраўкі аўтацыстэрнаў, ратавальнікам даводзілася ездзіць па ваду ў суседнюю вёску за шэсць кіламетраў.
Агнём пашкоджаны драўляныя сцены храма, дах, згарэла міжстолевае перакрыцце, знішчана царкоўнае начынне.
Пабудаваны ў XIX стагоддзі храм памерамі 8х17 метраў знаходзіцца на тэрыторыі мясцовых могілак. Царква была адной з нямногіх у Гомельскай вобласці, дзе ў савецкі час праводзіліся набажэнствы.