БЕЛ Ł РУС

Расійскіх турыстаў больш не пусцяць у Нарвегію

23.05.2024 / 08:52

Nashaniva.com

Правілы выдачы віз для грамадзян Расіі сталі больш жорсткімі вясной 2022 года, пасля чаго выдача турыстычных віз грамадзянам Расіі ў асноўным спынілася. Але цяпер магчымасці ўезду ў краіну для іх будуць дадаткова абмежаваныя.

Падарожнік у Нарвегіі. Фота: vecteezy.com

Урад Нарвегіі ўводзіць дадатковыя абмежаванні на ўезд у Нарвегію для грамадзян Расіі, якія прыбываюць у краіну ў турыстычных мэтах. Новыя правілы ўступаюць у сілу 29 мая.

— Пастанова аб абмежаванні магчымасцяў для ўезду адпавядае занятай Нарвегіяй пазіцыі аб неабходнасці сумеснай з нашымі саюзнікамі і партнёрамі рэакцыі на незаконную агрэсію Расіі супраць Украіны, — кажа міністр юстыцыі і грамадскай бяспекі Эмілі Энгер Мель. 

Грамадзянам Расіі, якія прыбываюць у Нарвегію ў турыстычных і іншых мэтах не першараднай важнасці, будзе адмоўлена ва ўездзе ў Нарвегію пры перасячэнні мяжы. Узмацненне жорсткасці правіл распаўсюджваецца як на тых грамадзян Расіі, якім Нарвегія выдала візу да ўзмацнення жорсткасці правілаў вясной 2022 года, так і на тых, чыя віза была выдадзена іншымі краінамі Шэнгенскага пагаднення. 

У некаторых выпадках будуць рабіцца выключэнні, напрыклад, для грамадзян Расіі, якія прыязджаюць у госці ў Нарвегію да блізкіх сваякоў, і для грамадзян Расіі, якія прыбываюць у краіну з мэтай працы або вучобы ў Нарвегіі або іншых краінах Шэнгенскага пагаднення. 

«Улады Нарвегіі ўважліва сочаць за сітуацыяй на мяжы і перасячэннямі мяжы ў пагранпункце Стурскуг і гатовыя прыняць меры ў выпадку неабходнасці», — дадае ўрад краіны.

Чытайце таксама:

У Нямеччыне конкурс на пасаду наглядчыка маяка перавысіў 1100 чалавек на месца

Пад Гомелем з размахам адзначылі імяніны расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ

«Незабыўны адпачынак і спакой. Праўда, даводзіцца выконваць рэжым». Што людзі пішуць у турыстычных водгуках пра Валадарку

Каментары да артыкула