БЕЛ Ł РУС

Ліквідуюць фонд, які выдаваў часопіс «Дзеяслоў»

15.06.2024 / 20:42

Nashaniva.com

28 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе будзе разгледжаны пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Літаратурна-мастацкі фонд «Нёман», заўважыў «Позірк». Гэта вынікае з раскладу на партале электроннага судаводства.

Фота: старонка «Дзеяслова» ў фэйсбуку

Фонд «Нёман» існуе амаль 30 гадоў — з 17 чэрвеня 1994 года. На працягу больш чым 20 гадоў, пачынаючы з 2002-га, ён кожныя два месяцы выпускаў літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў», у якім друкавалася сучасная беларуская проза, паэзія, эсэістыка, крытыка, пераклады твораў з розных моў.

Апошні, 127-ы нумар часопіса выйшаў у снежні 2023 года.

У тым жа судзе 5 ліпеня суддзя Таццяна Дарашчонак разгледзіць пазоў Мінюста з патрабаваннем ліквідаваць Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў (БСЛМК), які існуе амаль 27 гадоў. Аб’яднанне зарэгістраванае ў будынку, дзе месціцца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. У свой час саюз узначальваў Рычард Смольскі — рэктар гэтай ВНУ ў 1997—2010 гадах.

Многія члены БСЛМК адначасова ўваходзяць у лаяльныя да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі творчыя арганізацыі.

Чытайце таксама:

Паставілі на ліквідацыю аб'яднанне садзейнічання беларуска-расійскай інтэграцыі

Улады збіраюцца ліквідаваць абʼяднанне татараў, якое ўзначальвае муфтый Беларусі

Мінюст і Вярхоўны суд задумалі закрыць аб'яднанне, якім кіруе Чэрачань

Каментары да артыкула