Пуцін прызначыў намесніцай міністра абароны сваю пляменніцу
Уладзімір Пуцін правёў новыя перастаноўкі ў Міністэрстве абароны Расіі. Сярод прызначаных ім новых намеснікаў міністра — Ганна Цывілёва, якая, па інфармацыі ўрада Вялікабрытаніі, з'яўляецца стрыечнай пляменніцай Пуціна.
Ганна Цывілёва
Пуцін вызваліў ад пасад чатырох намеснікаў міністра абароны з каманды былога міністра Сяргея Шайгу: Мікалая Панкова, Руслана Цалікава, Таццяну Шаўцову і Паўла Папова.
Новапрызначаная Ганна Цывілёва на пасадзе намесніка міністра будзе адказваць за сацыяльнае і жыллёвае забеспячэнне вайскоўцаў, выводзіць іх на «новы якасны ўзровень».
Акрамя Цывілёвай, новымі намеснікамі міністра абароны Расіі прызначаныя Леанід Горнін (першы намеснік) і Павел Фрадкоў.
У выпадку кар'ернага росту Паўла Фрадкова таксама можна заўважыць сямейны пачатак. Ён малодшы сын Міхаіла Фрадкова, былога пуцінскага прэм'ера і экс-кіраўніка Службы знешняй разведкі.