У Кеніі масавыя пратэсты. Дэманстранты штурмавалі парламент, паліцыя адкрыла агонь
Пратэсты пачаліся пасля таго, як дэпутаты прынялі спрэчны законапраект аб увядзенні новых і вельмі непапулярных падаткаў. Кенійцы сабраліся пратэставаць і спрабавалі захапіць парламент.
Фота: AP Photo/Brian Inganga
Калі пачаўся штурм парламента, а яго частка была падпаленая, мясцовыя сілавікі адкрылі агонь. Перад гэтым паліцыя спрабавала разагнаць шматтысячны натоўп, ужываючы слёзатачывы газ і вадамёты.
Дакладна ёсць ахвяры, але пакуль невядомая іх дакладная колькасць. Журналіст агенцтва Reuters бачыў целы як мінімум пяці пратэстоўцаў, а доктарка Вівіян Ачыста паведаміла, што застрэленыя не менш за 10 чалавек.
Фота: AP Photo/Brian Inganga
Іншы доктар, Рычард Нгума, паведаміў, што больш за 50 чалавек былі параненыя.
Сярод пратэстоўцаў была кенійская актывістка Аўма Абама, зводная сястра былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы. Яна зазнала ўздзеянне слёзатачывага газу, паведамляе CNN.
Фота: AP Photo/Brian Inganga
Амбасадары і вярхоўныя камісары з ЗША, Вялікабрытаніі і Германіі заявілі ў супольным звароце, што глыбока занепакоеныя гвалтам, сведкамі якога яны сталі падчас антыпадатковых пратэстаў, і заклікалі ўсе бакі да стрыманасці.
Чытайце таксама:
Вярхоўны суд Ірана адмяніў смяротны прысуд папулярнаму рэперу, які падтрымаў пратэсты
Адзін з галоўных кандыдатаў на пасаду кіраўніка Інтэрпала падазраецца ў выкраданні людзей
«Вайна паказала, што на баку Захаду стаіць меншасць. А Арменію Расія так проста не пакіне»