Рускамірнага актывіста Арцёма Агафонава выпусцілі на волю
Учора прарасійская актывістка Эльвіра Мірсалімава паведаміла пра затрыманне свайго ідэйнага паплечніка Арцёма Агафонава. Як выглядае, цярпець за кратамі яму давялося нядоўга.
Арцём Агафонаў
Сёння ўжо сам Агафонаў напісаў у тэлеграме, што ён «у парадку»:
«Жывы, здаровы і ў някепскім настроі, наколькі гэта ў маёй сітуацыі ўвогуле магчыма».
Падрабязнасці абяцае расказаць пазней.
Арцём Агафонаў вядомы як адзін з актыўных прыхільнікаў «рускага свету» ў Беларусі. У нулявыя ён быў актывістам АГП, аднак пасля анэксіі Крыма Расіяй і пачатку вайны на паўднёвым усходзе Украіны ён рэзка памяняў светапогляд і заняў бок Расіі.
На тое, што яго спрабуюць пераследаваць сілавікі па нечым даносе, сам Агафонаў скардзіўся ў чэрвені. Вінаватым у сваіх бедах Мірсалімава і Агафонаў лічаць віцебскага актывіста Дзмітрыя Карнеенку, які цяпер жыве ва Украіне.