БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз гатовы цалкам адмовіцца ад расійскага газу

11.09.2024 / 18:24

Nashaniva.com

Доля расійскага газу ў імпарце краін Еўрапейскага Саюза рэзка зменшылася, таму ЕС гатовы цалкам адмовіцца ад паставак з Масквы, заявіла еўракамісарка па энергетыцы Кадры Сімсан.

Фота ілюстрацыйнае

Паводле слоў еўрачыноўніцы, доля расійскага газу ў імпарце ЕС скарацілася з 45% у 2021 годзе да 18% да чэрвеня 2024 года, тады як імпарт ад такіх надзейных партнёраў, як Нарвегія і ЗША, павялічыўся.

«Мы больш не знаходзімся пад уладай трубаправодаў Пуціна і мы працягваем падтрымліваць нашых украінскіх партнёраў па меры набліжэння зімы», — акцэнтавала Кадры Сімсан.

Еўракамісарка падкрэсліла, што еўрапейскія кампаніі маюць права выкарыстоўваць украінскую газавую інфраструктуру, паколькі на гэта няма санкцый і ёсць зацікаўленасць з украінскага боку. 

«Украіна таксама з'яўляецца вытворцам газу, таму мы павінны клапаціцца, каб іх інфраструктура ўсё яшчэ мела каштоўнасць. Але маё пасланне гранічна яснае: няма неабходнасці шукаць нейкія новыя спосабы працягу гандлю з «Газпрамам». Альтэрнатыўныя пастаўкі даступныя, і мы ўзаемадзейнічаем з дзяржавамі-членамі, якія пацярпелі, каб паказаць ім, што альтэрнатыўныя маршруты дазволяць даставіць неабходныя аб'ёмы», — дэталізавала Сімсан.

Як вядома, кантракт на транзіт расійскага газу праз Украіну заканчваецца ў канцы 2024 года і Кіеў не збіраецца яго працягваць.

У дакладзе аб стане энергетычнай супольнасці за 2024 год гаворыцца, што цэны на энерганосьбіты цяпер больш стабільныя і застаюцца значна ніжэйшымі за пікавыя ўзроўні энергетычнага крызісу 2022 года. 

Чытайце таксама:

Украіна не будзе працягваць дамову з Расіяй аб транзіце газу

Еўрасаюз разглядае магчымасць працягнуць кантракт з «Газпрамам» пасля 2024 года

Венгрыя заявіла, што дамовілася пра транзіт расійскай нафты праз Беларусь і Украіну

Каментары да артыкула