Рамзан Кадыраў выгуляў па Грозным матацыкл «Мінск»
Адпаведны ролік кіраўнік Чачні сам размясціў у сваім тэлеграм-канале.
Скрыншот з відэа
На відэа Кадыраў на матацыкле мінскай вытворчасці возіць мэра Грознага Хас-Магамеда Кадырава, які адначасова з'яўляецца і ягоным сваяком, па вуліцах горада, нахвальваючы Грозны на ўсе лады.
Матацыкл для паездкі Кадыраву нібыта «падарылі нашы сябры з Беларусі».
Месяц таму падобную клаўнаду Кадыраў ладзіў з кібертракам Tesla з кулямётам на ім. Пры гэтым, па яго словах, кібертрак яму нібыта падарыў сам Ілан Маск, што сам прадпрымальнік пасля рэзка абвергнуў.
Апошнім часам ходзяць чуткі, што здароўе Рамзана Кадырава вельмі пахіснулася. У маі «Новая газета Еўропа» апублікавала расследаванне пра сурʼёзную хваробу Кадырава. Паводле выдання, «стан здароўя 47-гадовага Рамзана Кадырава не пакідае надзей на яго вылячэнне». У тым ліку і каб развеяць гэтыя чуткі, Кадыраў імкнецца як мага часцей звяртаць на сябе ўвагу, як і ў мінулыя часы, рознымі эксцэнтрычнымі выхадкамі.
Чытайце таксама:
Дочкі Кадырава лёталі ў Еўропу па пашпартах на іншае прозвішча