БЕЛ Ł РУС

ЗША перадаюць Кіеву планёрныя бомбы JSOW — але яны такой малой далёкасці, што мала што зменяць

26.09.2024 / 19:15

Nashaniva.com

Даюць тое, чым можна адбівацца, а не наступаць.

F-16C запускае AGM-154 JSOW. Фота: Wikimedia Commons

Расія выкарыстоўвае планёрныя бомбы — і ўкраінцы не мелі што ім супрацьпаставіць. 

Як піша Reuters, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў аб выдзяленні Украіне ваеннай дапамогі на 8 мільярдаў долараў. Асноўная частка — 5,5 мільярда долараў — павінна быць выдзелена да канца верасня, калі ў ЗША заканчваецца фінансавы год.

Яшчэ 2,4 мільярда долараў выдзеленыя ў рамках Ініцыятывы садзейнічання бяспецы Украіны, якая дазваляе адміністрацыі купляць зброю для Украіны ў кампаній, а не забіраць яе з запасаў ЗША.

Сярод іншага Украіна атрымае ад ЗША першую партыю кіраваных боепрыпасаў Joint Standoff Weapon (JSOW) для нанясення дальнабойных удараў.

JSOW гэта высокадакладная тактычная планерная бомба з дальнасцю палёту пры вышынным запуску з самалёта-носьбіта да 130 кіламетраў. Але калі яе скідаюць з малой вышыні, то дальнасць зніжаецца да 22 кіламетраў. Між тым ва ўмовах дамінавання расійскай авіяцыі толькі з малой вышыні і могуць дзейнічаць украінскія пілоты.

Бомба мае даўжыню 4,06 метра і дыяметр 33 сантыметры. Яе вага складае 483 кілаграмы, а размах крыла 2,7 метра.

Паведамляецца, што JSOW выканана па тэхналогіі стэлс, што робіць яе больш устойлівай да выяўлення сістэмамі РЭБ праціўніка. Бомба выкарыстоўвае GPS-навігацыю і інэрцыйную сістэму кіравання для дакладнага паражэння цэляў на сушы і ў моры.

Авіябомба мае некалькі варыянтаў і можа быць скінута з розных тыпаў баявых самалётаў, сярод якіх і пастаўленыя Украіне знішчальнікі F-16.

Як адзначае выданне Defense Express, Украіна атрымае мадыфікацыю AGM-154 JSOW. Толькі яна мае касетную боегалоўку, якая нясе 145 суббоепрыпасаў BLU-97/B, якія важаць па 1,5 кілаграма кожны і валодаюць сукупным кумулятыўным і дэтрытавым эфектам.

Акрамя гэтага, паведамляецца, што Міністэрства абароны ЗША адрамантуе і перадасць Украіне дадатковую сістэму супрацьпаветранай абароны Patriot, а таксама дадатковыя ракеты да гэтай сістэмы.

Таксама Байдэн загадаў Пентагону павялічыць падрыхтоўку ўкраінскіх пілотаў на самалётах F-16, у тым ліку падрыхтаваць яшчэ 18 пілотаў у наступным годзе.

Такім чынам, ЗША па-ранейшаму адмаўляюцца перадаваць Украіне такую зброю, якая б дала перавагу на полі бою. Даюць тое, чым можна адбівацца, а не наступаць.

Чытайце таксама:

Украіна атрымала дзесяць знішчальнікаў F-16

Украіна стварыла ўласную высокадакладную бомбу

Украіна паспяхова выпрабавала першую балістычную ракету ўласнай вытворчасці

Каментары да артыкула