БЕЛ Ł РУС

Суд у Сеуле арыштаваў адхіленага ад улады прэзідэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля

19.01.2025 / 09:39

Nashaniva.com

Акруговы суд у Сеуле ў нядзелю выдаў ордар на арышт адхіленага ад улады прэзідэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля. Яго падазраюць у спробе арганізацыі ўзброенага перавароту і злоўжыванні ўладай. Ён быў затрыманы 15 студзеня, паведамляе Yonhap.

Фота: Yonhap News

Суддзя палічыў, што знаходзячыся на свабодзе, Юн, адхіленне якога яшчэ павінен ухваліць Вярхоўны суд, мог бы знішчыць доказы меркаванага злачынства. Цяпер ён можа знаходзіцца пад вартай да 20 дзён з моманту затрымання альбо да выстаўлення афіцыйнага абвінавачання.

У адказ Сеул ахапілі шматтысячныя акцыі пратэсту — група пратэстоўцаў уварвалася ў суд, разбіваючы вокны, шпурляючы крэслы, смецце і іншыя прадметы, а таксама распыляючы вогнетушыцелі ў паліцыянтаў, што ахоўвалі будынак.

3 снежня Юн пасля доўгага канфлікту з парламенцкай апазіцыяй абвясціў пра ўвядзенне ваеннага становішча ў краіне. У краіне былі забароненыя палітычныя партыі, пратэсты, страйкі, указ прыпыняў працу парламента, уводзіў цэнзуру і палявыя трыбуналы.

Юна падазраюць у тым, што адначасова ён загадаў войскам арыштаваць членаў парламента, каб тыя не адмянілі прэзідэнцкі ўказ. Дэпутаты прагаласавалі за адмену ваеннага становішча ў той жа час, калі вайскоўцы спрабавалі захапіць будынак парламента.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула