На Ірландыю і Шатландыю абрынуўся моцны шторм
Шторм «Эавін» у пятніцу абрынуўся на Ірландыю і паўночную частку Вялікабрытаніі. Як паведамляе Associated Press, адзін чалавек загінуў у ірландскім графстве Данегол у выніку падзення дрэва.
Фота: AP Photo
У сваю чаргу, The Guardian адзначае, што каля тысячы рэйсаў былі адмененыя, шэраг аўтамагістраляў быў перакрыты з-за «чырвонага» ўзроўню пагоднай небяспекі.
Шторм спачатку абрынуўся на Ірландыю. Хуткасць ветру дасягала 183 км/г, што з'яўляецца найвышэйшым паказчыкам з часоў Другой сусветнай вайны.
Як перадае BBC са спасылкай на ірландскую метэаралагічную службу, у ірландскім Галуэі зафіксавалі самы магутны парыў ветру за ўсю гісторыю назіранняў — на метэастанцыі Мэйс-Хэд хуткасць ветру дасягнула 55 метраў у секунду. Папярэдні рэкорд быў усталяваны ў 1961 годзе.
Паводле даных Associated Press, больш за мільён хатніх гаспадарак, фірмаў і прадпрыемстваў у Ірландыі і Паўночнай Ірландыі заставаліся без электрычнасці. У Шатландыі без святла засталіся каля 100 тысяч спажыўцоў.
Паведамляецца, што праз вецер пацярпела чыгуначная інфраструктура, адмянялася праца паромных перапраў.
Чытайце таксама:
У Лос-Анджэлесе, дзе тыдзень змагаюцца з пажарамі, чакаюць ураганны вецер. Згарэла як палова Мінска
Жыхары Валенсіі пасля паводкі выйшлі на пратэст з патрабаваннем адстаўкі кіраўніцтва рэгіёна
Зрывала дахі, тапіла машыны: беларуска — пра жыццё ў Фларыдзе пасля ўрагану