БЕЛ Ł РУС

Пашкоджаны падводны кабель паміж Латвіяй і Швецыяй

26.01.2025 / 19:14

Nashaniva.com

Сістэма маніторынгу зафіксавала перабоі ў перадачы звестак на ўчастку Вентспілс — Готланд.

26 студзеня быў пашкоджаны падводны оптавалаконны кабель латвійскага Дзяржаўнага цэнтра радыё і тэлевяшчання (LVRTC), паведамляе LSM.

Прэм'ер-міністр Латвіі Эвіка Сіліня склікала з гэтай нагоды нараду адказных структур. Латвійскія вайскоўцы абследавалі судна, якое знаходзілася побач з месцам аварыі, і працягваюць вывучаць рух у гэтым раёне.

Эвіка Сіліня на прэс-канферэнцыі расказала, што Латвія рыхтавалася да патэнцыйнага крызісу і таму арганізаваная перадача звестак па альтэрнатыўных маршрутах. Яна паведаміла, што звязалася з прэм'ерамі Швецыі і краін Балтыі; шведскую берагавую ахову папрасілі прыняць удзел у расследаванні, і Стакгольм паабяцаў даць любую дапамогу, якая можа спатрэбіцца.

Сістэма маніторынгу зафіксавала перабоі ў перадачы звестак на ўчастку Вентспілс — Готланд. Арганізацыя працягвае аказваць паслугі перадачы даных, выкарыстоўваючы іншыя маршруты; магчыма запаволенне хуткасці, хоць у асноўным гэта не закранае канчатковых карыстальнікаў у Латвіі.

Разам з партнёрамі LVRTC правёў праверку і замеры ў сетцы з абсталявання, усталяванага ў Вентспілсе. «На дадзены момант ёсць падставы лічыць, што кабель значна пашкоджаны, і што пашкоджанне ўзнікла з-за вонкавага ўздзеяння», — казала прадстаўніца LVRTC Вінета Спругайне.

LVRTC праінфармаваў аб тым, што адбылося адказныя ведамствы. Улічваючы, што кабель ляжыць на глыбіні больш за 50 метраў, канкрэтны від пашкоджання можна будзе вызначыць толькі з пачаткам рамонтных работ.

Камерсанты электроннай сувязі, якія да гэтага часу выкарыстоўвалі гэты кабель, цяпер для ажыццяўлення сваіх паслуг выкарыстоўваюць іншыя маршруты перадачы даных.

Прэм'ер-міністр Эвіка Сіліня ў сацыяльнай сетцы X (Twitter) паведаміла, што ў сувязі з гэтай аварыяй склікала адказных міністраў і кіраўнікоў службаў. «Працягваем супрацоўнічаць з NATO і краінамі рэгіёну Балтыйскага мора, каб высветліць абставіны і расследаваць тое, што адбылося», — напісала яна.

Нагадаем, за апошнія месяцы адбылася серыя такіх здарэнняў з падводнымі кабелямі.

Чытайце таксама:

Разведкі ЗША і Еўропы не знайшлі дачынення Расіі да пашкоджанняў кабеляў у Балтыйскім моры

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй

Каментары да артыкула