БЕЛ Ł РУС

Беларускаму бізнэсмену пагражае да 12 гадоў калоніі па трох палітычных артыкулах

28.01.2025 / 15:10

Nashaniva.com

Алег Самародскі кіраваў двума бізнэсамі, а цяпер быў арыштаваны па палітычных артыкулах. Неўзабаве яго будуць судзіць.

Алег Самародскі. Фота з базы «Кіберпартызанаў»

Алегу Самародскаму 61 год. Згодна са звесткамі праекта Digital Intelligence Team, родам ён з Расіі, горада Ражск Разанскай вобласці, але жыве ў Беларусі і мае грамадзянства краіны. У 1985 ён скончыў мінскі іняз па спецыяльнасці «перакладчык з англійскай і французскай моваў».

Мае трох дзяцей.

Самародскі ўсё жыццё займаўся бізнэсам — быў кіраўніком фірмы «Уладкас», якая займалася вырошчваннем гародніны, насення і рассады, таксама дырэктарам фірмы «Белбаскітлід», якая вырабляе драўляную тару і іншыя рэчы з дрэва ў Іўі Гродзенскай вобласці.

Невядома, калі яго затрымалі — мы не знайшлі сацсетак Самародскага. Суд над ім пачнецца 6 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе.

Вінавацяць бізнэсмена па трох артыкулах — «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-3), «заклікі да прычынення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Агулам яму пагражае да 12 гадоў калоніі. Абставіны справы невядомыя.

Чытайце таксама:

Вось за што бізнэсоўцу Сяргею Юнчыцу прысудзілі пяць гадоў калоніі і 20 тысяч рублёў штрафу

Стаў вядомы прысуд за данаты менеджару фармацэўтычных кампаніяў Сяргею Шэлегу. Ён уражвае

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Каментары да артыкула