БЕЛ Ł РУС

Беларуса-эмігранта ўключылі ў экстрэмісцкае фарміраванне «Расія — гэта зло». А ён усё адно вярнуўся з Польшчы дадому

29.01.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Руслану Зубкову цяпер пагражае да шасці гадоў калоніі.

Руслан Зубкоў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Руслану Зубкову 26 гадоў. Ён родам з горада Высокае Камянецкага раёна — самага заходняга горада Беларусі. Пасля школы адвучыўся на слесара-зваршчыка ў аграрным каледжы ў родным горадзе. Пасля пераехаў у Брэст, у 2019 нейкі час працаваў рабочым у Расіі.

Мяркуючы па сацсетках, Руслан у апошнія гады жыў і працаваў у Польшчы. Ён любіць падарожнічаць, а ў ліпені 2023 шукаў працу рознарабочым у Кракаве або ваколіцах. Апошні раз ён абнаўляў сацсеткі ў верасні 2023 года.

У снежні 2023 года Зубкова ўнеслі ў спіс удзельнікаў экстрэмісцкага фарміравання «Расія — гэта зло». Гэта невялікі тэлеграм-чат на 135 чалавек, дзе актыўныя цяпер толькі тры чалавекі.

Мяркуючы па ўсім, гэта звязана з тым, што Руслан меў дрэнна абаронены тэлеграм-акаўнт. У такім выпадку ён, на жаль, ніяк не мог абараніцца постфактум — нават калі б выдаліў тэлеграм-акаўнт.

Калі і чаму Зубкоў вярнуўся ў Беларусь — загадка. Магчыма, ён проста не ведаў пра тое, што яго ўключылі ў спіс удзельнікаў экстрэмісцкага фарміравання.

У лютым 2024 года Руслана аб'яўлялі ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі — гэта значыць, што на той момант ён яшчэ быў на свабодзе.

Калі Руслан быў затрыманы — таксама невядома. У першы раз яго судзілі ў чэрвені 2024 года за «абразу Лукашэнкі» ў Камянецкім раённым судзе. Прысуд невядомы.

Цяпер Зубкова пачынаюць судзіць зноў. Працэс пачнецца 10 лютага 2025 года ў Брэсцкім абласным судзе. Хлопца абвінавачваюць па двух артыкулах — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Яму пагражае да шасці гадоў калоніі.

Чытайце таксама:

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?

Стартапер вярнуўся з Дубая. Цяпер у яго два палітычныя артыкулы і адзін наркатычны

Яшчэ аднаго беларуса затрымалі пасля вяртання з-за мяжы. Ён мог не здагадвацца, што яго чакаюць сілавікі

Каментары да артыкула