БЕЛ Ł РУС

У Казахстане апублікавалі папярэднюю справаздачу аб крушэнні азербайджанскага самалёта

4.02.2025 / 19:36

Nashaniva.com

У 53-старонкавай справаздачы Міністэрства транспарту Казахстана адзначана, што абшыўка самалёта была пашкоджаная іншароднымі прадметамі.

На месцы аварыі

Паводле матэрыялаў справаздачы, першапачатковы агляд захаваных фрагментаў самалёта выявіў мноства скразных і нескразных пашкоджанняў рознай велічыні і формы ў хваставой частцы фюзеляжу, кіля і стабілізатара, рулёў вышыні і напрамку. Падобныя пашкоджанні былі выяўленыя на левым рухавіку і левым крыле самалёта, а таксама на агрэгатах і кампанентах паветранага судна. У некаторых месцах пашкоджанні маюць правільную прамавугольную форму.

Для вызначэння характару і паходжання скразных пашкоджанняў, выкліканых староннімі аб'ектамі, плануецца правесці адпаведныя расследаванні і экспертызы.

Экіпаж борта авіякампаніі Azal, які пацярпеў крушэнне ў Казахстане, паведамляў пра моцны ўдар і выбух у раёне задніх крэслаў, гаворыцца ў справаздачы.

Пасажырскі самалёт Embraer 190 кампаніі Azerbaijan Airlines (Azal) упаў 25 снежня мінулага года паблізу казахстанскага горада Актау. На борце самалёта, які накіроўваўся з Баку ў Грозны, знаходзіліся 67 чалавек, 38 з іх загінулі. У Актау самалёт накіраваўся пасля некалькіх спробаў зрабіць пасадку ў Грозным. Не даляцеўшы да казахстанскага аэрапорта каля трох кіламетраў, ён пацярпеў крушэнне.

Мяркуецца, што самалёт мог быць збіты расійскай СПА. Гэтая сітуацыя ўжо выклікала пагаршэнне адносін паміж Азербайджанам і Расіяй. Афіцыйны Баку патрабуе ад Крамля прызнання віны і прабачэнняў, расійскія ўлады ад гэтага ўхіляюцца. 

Чытайце таксама:

Аліеў зноў рэзка прайшоўся па Расіі за збіты самалёт: Мы патрабуем чалавечых паводзін

«Першыя тры дні мы не чулі ад Расіі нічога, акрамя вар'яцкіх версій». Аліеў патрабуе ад Расіі выбачэнняў і прызнання віны

Бортправаднік, які выжыў пасля падзення азербайджанскага самалёта ў Казахстане, расказаў, як усё выглядала знутры

Крыніцы ва ўрадзе Азербайджана пацвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расійскай ракетай

Каментары да артыкула