БЕЛ Ł РУС

Міністр фінансаў ЗША прывёз у Кіеў праект пагаднення па прыродных рэсурсах

12.02.2025 / 23:43

Nashaniva.com

ЗША прадставілі Украіне праект пагаднення па прыродных рэсурсах, а само пагадненне можа быць дасягнута на сёлетняй Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Фота: x.com/ZelenskyyUa

Зяленскі заявіў, што правёў прадуктыўныя і канструктыўныя перамовы з міністрам фінансаў ЗША Скотам Бесэнтам і атрымаў першы праект патэнцыйнага пагаднення аб прыродных рэсурсах.

«Я ведаю, што нашай камандзе перадалі першы праект пагаднення ад Злучаных Штатаў аб партнёрстве паміж нашымі краінамі. Я вельмі хачу, каб наша каманда вывучыла гэты дакумент, і мы зробім усё, каб як мага хутчэй вывучыць і падпісаць гэты дакумент», — расказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што пагадненне можа быць дасягнутае на Мюнхенскай канферэнцыі, якая адбудзецца на гэтым тыдні.

«Злучаныя Штаты — гэта нашы галоўныя партнёры. Мы зробім усё, каб вывучыць усе дэталі дакумента і паспець на Мюнхенскую канферэнцыю, таму што не хочацца губляць час», — адзначыў Зяленскі.

Пры гэтым, паводле слоў прэзідэнта Украіны, яны не абмяркоўвалі прыродныя рэсурсы, якія знаходзяцца на акупаванай Расіяй украінскай тэрыторыі.

Скот Бесэнт расказаў пра вынікі сустрэчы так:

«Я прыбыў ва Украіну, каб сустрэцца ў прэзідэнтам, убачыць людзей, а таксама перадаць прапановы ад прэзідэнта Трампа. Ён хоча завяршыць гэтую трагедыю, вельмі вялікую трагедыю. І ён працуе з абодвума бакамі. І прэзідэнт Зяленскі правядзе сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам і міністрам замежных спраў у Мюнхене. А тым часам урад разгледзіць гэты дакумент.

Мы лічым, гэты дакумент вельмі важны, і Злучаныя Штаты ды Украіна маюць агульныя каштоўнасці — бяспеку. І мы хацелі б у далейшым звязаць агульныя аспекты эканомікі. І мы лічым, што гэта важны сігнал свету, кіраўніцтву Расіі, што мы стаім разам у плане павелічэння эканамічных сувязяў, партнёрскіх узаемаадносін з урадам і насельніцтвам Украіны. Пасля завяршэння гэтага канфлікту гэта дазволіць забяспечыць доўгатэрміновы шчыт бяспекі для ўсіх украінцаў», — заявіў ён.

Як раней пісаў New York Post, Украіна «па сутнасці пагадзілася» даць ЗША рэдказямельныя металы на суму 500 млрд даляраў у якасці аплаты за вайсковую дапамогу, якую Вашынгтон надаў Кіеву.

Пры гэтым, па словах Зяленскага, тэрыторыі Украіны важна абараніць ад расіян не толькі з пункту гледжання бяспекі, але і ў фінансавым плане. У адваротным выпадку важныя выкапні, у прыватнасці «рэдказемы», дастануцца расіянам задарма.

Чытайце таксама:

На гэтым тыдні ва Украіну прыедзе міністр фінансаў ЗША — першым з каманды Трампа

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях

Зяленскі: Кіеў адкрыты да супрацоўніцтва па здабычы рэдказямельных металаў

Шольц назваў жаданне Трампа абмяняць дапамогу Украіне на рэдказямельныя металы «эгаістычным»

Трамп прапанаваў дапамогу Украіне ў абмен на рэдказямельныя металы. Кіеў адказаў

Каментары да артыкула