Ціханоўская: Вызваленні адбываюцца не праз гуманнасць Лукашэнкі, а праз ціск на рэжым
Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі, прысвечанай пытанням рэпрэсій, у рамках асноўнай праграмы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Падчас размовы беларуская лідарка сфакусавала ўвагу аўдыторыі і суразмоўцаў на пытаннях вызвалення беларускіх палітвязняў, важнасці падтрымкі незалежных СМІ і ўплыву вайны ва Украіне на будучыню нашай краіны і ўсяго рэгіёну.
Святлана Ціханоўская падчас свайго выступлення. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«У сераду тры чалавекі былі вызваленыя з беларускіх турмаў. І мы ўдзячныя новай адміністрацыі Трампа за тое, што гэта стала магчымым. Гэта былі скаардынаваныя намаганні амерыканскага боку і беларускіх дэмакратычных сілаў.
Мы сапраўды ўпарта працуем над вызваленнем людзей. Але трэба разумець: вызваленні адбываюцца не праз гуманнасць Лукашэнкі. Гэта адбываецца праз ціск, які ўвесь час аказваецца на рэжым Лукашэнкі», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Падчас выступлення. Злева — іншая ўдзельніца дыскусіі Юлія Навальная, жонка загінулага ў турме расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Закранула яна і пытаннем скарачэнне фінансавання беларускіх СМІ з-за рашэнняў, прынятых адразу пасля інаўгурацыі новым прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам:
«Скарачэнне фінансавання USAID моцна паўплывала на многія незалежныя СМІ Беларусі. Яны вымушаныя працаваць у выгнанні, бо ўнутры краіны прызнаныя «экстрэмісцкімі» і «тэрарыстычнымі». Сёння гэтыя медыя апынуліся на мяжы знікнення.
Мы павінны разумець, што СМІ — гэта не тыя праекты, якія можна прыпыніць на нейкі час. Супрацьстаянне прапагандзе павінна весціся штодня. Калі незалежныя галасы замаўчаць, іх месца тут жа зойме расійская і беларуская прапаганда».
Святлана Ціханоўская і Юлія Навальная
Што да будучых перамоў па справе спынення вайны ва Украіне, то, як падкрэслівае беларуская лідарка, ад іх вынікаў залежыць будучыня не толькі Украіны, але і ўсяго нашага рэгіёну:
«Існуюць два асноўныя сцэнары перамоваў па Украіне. Першы — справядлівы мір і перамога Украіны.
Толькі справядлівы мір у перамовах па Украіне дасць магчымасць Беларусі і многім іншым краінам змяніцца да лепшага, таму што лёс Беларусі і Украіны глыбока звязаны.
Перамога Украіны будзе велізарнай магчымасцю для людзей зноў адкрыта супраціўляцца не толькі ў Беларусі. Гэта таксама дасць шанец Малдове, Грузіі, Арменіі. Таму, дапамагаючы Украіне, вы дапамагаеце ўсяму рэгіёну.
Другі варыянт — працяг паўзучай акупацыі нашай краіны з падачы Лукашэнкі, які цяпер служыць інтарэсам Пуціна, а не беларускага народа. У такім выпадку мы страцім Беларусь на доўгія гады.
Калі Украіна не пераможа ў гэтай вайне — гэта ўзмоцніць Пуціна, і нашыя найбліжэйшыя суседзі — Польшча, Літва, Латвія, Эстонія апынуцца пад самай вялікай пагрозай знікнення праз гэта».
Чытайце таксама:
Што будзе з Беларуссю пасля размовы Трампа і Пуціна?
Ціханоўская пракаментавала намер Зяленскага гаварыць з Трампам пра Беларусь
Ціханоўская сустрэлася з амерыканскім чыноўнікам, які прыязджаў у Мінск па палітвязняў