БЕЛ Ł РУС

Да 370 рублёў за анлайн-кансультацыю: папулярныя ў інстаграме дактары змагаюцца з кантролем цэн Мінздароўя

18.02.2025 / 7:0

Nashaniva.com

З 1 лютага Мінздароўя пачало рэгуляваць цэны на прыёмы дактароў у прыватных медыцынскіх цэнтрах. Папулярныя ў інстаграме беларускі дактары спрабуюць не губляць заробкі — прадаюць прыватныя анлайн-кансультацыі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Мінздароўя

Ад новаўвядзенняў чыноўнікаў пацярпелі ў першую чаргу папулярныя ў сацыяльных сетках дактары. Таму што раней у прыватных медыцынскіх цэнтрах асобна існавала такая катэгорыя як «высоказапатрабаваны спецыяліст» (так называлі тых, хто меў шмат падпісчыкаў у інстаграме). Прыём у такіх дактароў мог каштаваць у 2-3 разы даражэй у параўнанні са звычайным.

Актыўна прапаноўваць свае анлайн-прадукты пачалі нават тыя інстаграм-дактары, якіх раней сфера анлайн-паслуг не цікавала. Усе яны падкрэсліваюць, што паслуга не медыцынская, а інфармацыйная.

Адна з беларускіх гінекалагінь прадае свае анлайн-кансультацыі як жаночы нутрыцыёлаг. Першая кансультацыя працягласцю 60-90 хвілін каштуе ў яе 370 рублёў.

Іншая доктарка-блогерка прапаноўвае свае 30-хвілінныя гінекалагічныя кансультацыі па 80-100 рублёў (у залежнасці ад таго, як доўга прыйдзецца чакаць).

Яшчэ некалькі гінеколагаў ацэньваюць сваю паўгадзінную анлайн-кансультацыю ў 60 рублёў.

Папулярны ў сацыяльных сетках оталарынголаг выставіў за паўгадзінную кансультацыю 50 рублёў.

Практыкуючы доктар-дэрматолаг бярэ за анлайн-падбор догляду скуры 330 рублёў (VIP-тарыф).

Існуюць нават анлайн-кансультацыі ад практолага. Дарэчы, вельмі нятанныя: 270 рублёў за 20 хвілін размовы. Пры гэтым доктар удакладняе: дасылаць інтымныя здымкі забаронена, бо гэта парушае беларускае заканадаўства. Таму можна толькі параіцца з спецыялістам наконт вынікаў аналізаў ці каланаскапіі.

У кулуарах інстаграмныя дактары абмяркоўваюць, што Мінздароўя вырашыла кантраляваць цэны ў прыватных медыцынскіх цэнтрах пасля скандалу з гінекалагіняй-блогеркай Аленай Вайцяховіч.

Адзін з суразмоўцаў «Нашай Нівы» расказаў, што чуткі пра кантроль цэн хадзілі даўно. Але ў медыцынскай сферы лічаць, што менавіта тая спрэчная сітуацыя, якая не адзін тыдзень абмяркоўвалася ў розных сацыяльных сетках, стала каталізатарам. І ў выніку падзеі, якія маглі б развівацца больш павольна, адбыліся хутка.

Сама Вайцяховіч напрыканцы мінулага года расказала ў блогу, што вырашыла прынцыпова пайсці з медыцыны з 1 лютага 2025 года. Раней яна вельмі эмацыянальна адрэагавала на навіну пра кантроль цэн ад Міністэрства аховы здароўя.

Доктарка паскардзілася ў сацсетках, што ёй непрыемна разумець, што ўсё, чаго яна дабівалася доўгія гады, абясцэнена ў грашовым эквіваленце яе роднай краіны.

— Як нармальны спецыяліст можа пачаць зарабляць у тры разы менш? Чаму я павінна гэта цярпець? У мяне прыём каштуе 120 рублёў, чаму я павінна працаваць за 44, бл**ь, рублі?! — выказвалася яна раней.

Алена вырашыла сканцэнтравацца на сеткавым маркетынгу і прадаваць тавары «Грынвэй». Але надзей зарабіць у сферы медыцыны не губляе.

Яна таксама прадае свае кансультацыі: кансультацыя ў фармаце «пытанне-адказ» каштуе 45 рублёў, першасны разбор кейса — 70 рублёў.

Чытайце таксама:

У Беларусі пачнуць рэгуляваць цэны на кансультацыі дактароў у прыватных медцэнтрах. І гэта не адзінае новаўвядзенне

Прыватныя медцэнтры шукаюць варыянты абысці кантроль цэн Мінздароўя, каб не згубіць інстаграмных дактароў

«У мяне прыём каштуе 120 рублёў, чаму я павінна працаваць за 44, бл**ь, рублі?!» Дактары абмяркоўваюць рэгуляванне цэн

Каментары да артыкула