БЕЛ Ł РУС

Чалавек з фізічнай інваліднасцю ўпершыню стаў касманаўтам

18.02.2025 / 23:28

Nashaniva.com

Брытанскі хірург і былы паралімпіец Джон МакФол быў афіцыйна прызнаны прыдатным да палёту на МКС пасля шматнацыянальнай медыцынскай экспертызы. Такое адбудзецца ўпершыню ў гісторыі.

Брытанскі астранаўт Джон МакФол (справа) спрабуе перасоўвацца ў стане бязважкасці на сімулятары Еўрапейскага касмічнага агенцтва (ЕКА). Фота: ЕКА

Еўрапейскае касмічнае агенцтва (ЕКА) упершыню ў гісторыі сертыфікавала астранаўта з фізічнай інваліднасцю для працяглых місій на Міжнародную касмічную станцыю (МКС), перадае партал SpaceNews.

Джон МакФол — брытанскі хірург і былы паралімпіец, які з 2022 года ўваходзіць у рэзервовы склад астранаўтаў ЕКА. Мужчына страціў правую нагу ў выніку матацыклетнай аварыі ў 19 гадоў і з тых часоў выкарыстоўвае пратэз, але гэта не перашкодзіла яму паспяхова прайсці шматнацыянальнае медыцынскае даследаванне ў рамках ініцыятывы «Fly!», якое аналізавала ўсе магчымыя перашкоды для патэнцыяльнай працы Макфола на МКС.

Даследаванне «Fly!» разглядзела больш за 80 аспектаў, звязаных з падрыхтоўкай астранаўтаў, аперацыямі на МКС, медыцынскімі патрабаваннямі і падтрымкай экіпажа. Паводле ініцыятараў даследавання, галоўнай цяжкасцю былі не тэхнічныя бар’еры, а ўспрыманне з боку грамадскасці і прафесійнай супольнасці.

«Людзі часта маюць пэўныя стэрэатыпы наконт таго, на што здольныя асобы з фізічнымі абмежаваннямі, і нам давялося зноў і зноў тлумачыць і даказваць, што такія астранаўты вартыя ўвагі», — падзяліліся супрацоўнікі ЕКА, адказныя за праграму «Fly!».

Кіраўнік аддзела пілатуемых праграм ЕКА Даніэль Нойншвандэр, у сваю чаргу, адзначыў, што не варта недаацэньваць складанасць працэдур бяспекі, звязаных з дзейнасцю на Міжнароднай касмічнай станцыі, аднак пры гэтым Джон МакФол «здолеў яго здзівіць».

«Шчыра кажучы, я чакаў, што будуць сур’ёзныя перашкоды, якія могуць спыніць працэс сертыфікацыі Макфола, але я вельмі рады бачыць, што ўсе выклікі пераадолены. Гэта неверагодны крок наперад у нашым імкненні пашырыць доступ чалавецтва да космасу», — адзначыў кіраўнік аддзела пілатуемых праграм ЕКА Даніэль Нойншвандэр.

Нягледзячы на сертыфікацыю, ЕКА пакуль не прызначыла МакФола на канкрэтную місію. Пры гэтым разглядаецца магчымасць удзелу МакФола ў прыватнай касмічнай місіі, якая распрацоўваецца Вялікабрытаніяй і кампаніяй Axiom Space. У кастрычніку 2023 года Брытанскае касмічнае агенцтва падпісала мемарандум з Axiom аб магчымым запуску місіі з удзелам толькі брытанскіх астранаўтаў, і Джон МакФол паведаміў, што можа прыняць у ёй удзел.

«Гэта вельмі цікавая перспектыва», — заявіў МакФол.

Чытайце таксама:

Гераіня Беларусі ці звычайная касмічная турыстка? Нюансы палёту ў космас Марыны Васілеўскай

Прапаганда казала, што Польшча зайздросціць Беларусі, бо ў яе няма касманаўта. Хутка будзе, і гэта сапраўдны навуковец

Гэты чалавек стаў першым у гісторыі касманаўтам, які правёў на арбіце больш за 1000 сутак

Каментары да артыкула